Top.Mail.Ru

У чым відавочныя перспектывы правядзення Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Крыху больш за месяц застаецца да адной з самых маштабных падзей у жыцці Саюзнай дзяржавы — правядзення XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэта сапраўды маштабнае мерапрыемства, якое праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі. Сёлета 25–26 чэрвеня чарговы форум прымуць Мінск і Мінская вобласць, для якіх гэта не проста падзея, а сур’ёзны экзамен: трэба не толькі арганізаваць сустрэчу на найвышэйшым узроўні, але і прадэманстраваць свае прамысловы і інтэлектуальны патэнцыялы. Больш за тое — тэма сёлетняга форуму «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў — аснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі», а таму попыт і адказнасць — адпаведныя. Як рыхтуецца Міншчына і ў чым бачаць перспектывы форуму ў іншых рэгіёнах краіны — у матэрыяле нашых карэспандэнтаў.


Па ўсіх кірунках

Праграмай форуму, якую днямі апублікавалі ў Савеце Рэспублікі, прадугледжаны правядзенне 10 тэматычных секцый, экспертная сесія і пасяджэнне. Чакаецца, што ў іх возьме ўдзел каля 870 чалавек.

Правядзенне тэматычных секцый запланавана на 25 чэрвеня, іх пляцоўкі размесцяцца на прадпрыемствах і ў арганізацыях райцэнтраў Міншчыны, а таксама ў сталіцы. У прыватнасці, секцыя «Прававое забеспячэнне харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы» пройдзе ў будынку Вярхоўнага Суда. СЗАТ «БЕЛДЖЫ» запросіць удзельнікаў секцыі «Рэгіянальная палітыка — галоўны інструмент забеспячэння ўстойлівага развіцця тэрыторый Саюзнай дзяржавы». Пляцоўкай для секцыі «Супрацоўніцтва ў рэалізацыі сумесных інавацыйных праектаў у мэтах умацавання тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы» стане Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Таксама тут пройдзе сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі.

Секцыя «Высокапрадукцыйны аграпрамысловы комплекс: умовы і магчымасці на сучасным этапе» пройдзе на базе ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Секцыя «Падтрымка эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі: інструменты і магчымасці» і сумеснае мерапрыемства кантралюючых органаў дзвюх дзяржаў — на пляцоўцы ААТ «БЕЛАЗ» у Жодзіне. Секцыя «Стратэгічныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя Саюзнай дзяржавы» будзе вітаць удзельнікаў у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Зацікаўленых абмеркаваць «Культурна-гістарычную спадчыну і турыстычны патэнцыял Беларусі і Расіі: новыя гарызонты супрацоўніцтва» запросяць у Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Секцыя «Моладзь Саюзнай дзяржавы — аснова агульнай сучаснасці і будучыні» пройдзе ў сярэдняй школе № 2 у вёсцы Копішча Мінскага раёна.

Акрамя таго, на палях форуму адбудуцца экспертная сесія на тэму «Саюзная дзяржава. Тэрыторыя развіцця» і першае пасяджэнне Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.

Мінскі міжнародны выставачны цэнтр BELEXPO ў сваю чаргу стане асноўнай лакацыяй для правядзення мерапрыемстваў, запланаваных на 26 чэрвеня. Тут разгорнецца маштабная выстаўка-кірмаш.

Новыя магчымасці для ўзаемадзеяння

Як адзначыла старшыня Гомельскага абласнога Савета, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Кацярына ЗЕНКЕВІЧ, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі застаецца ключавой пляцоўкай міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных ініцыятыў:

— Нашы краіны звязваюць шматгадовыя саюзніцкія адносіны і цесныя эканамічныя сувязі. І менавіта на рэгіянальным узроўні гэта ўзаемадзеянне набывае практычны змест: развіваецца прамысловая кааперацыя, рэалізуюцца праекты ў сацыяльнай сферы, адукацыі, культуры і маладзёжнай палітыцы.


Гомельшчына падыходзіць да ўдзелу ў форуме з рэальнымі вынікамі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

— Так, па выніках XІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі аблсаветам было заключана 15 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве з заканадаўчымі органамі расійскіх рэгіёнаў. У тым ліку ў рамках форуму былі падпісаны пагадненні з Кастрамской і Сахалінскай абласнымі думамі, — адзначыла Кацярына Зенкевіч. — Вобласцю паспяхова рэалізуецца шэраг ініцыятыў з расійскімі партнёрамі. З Бранскай вобласцю вядзецца абмен вопытам па развіцці грамадзянскіх ініцыятыў і мясцовага самакіравання. Днямі прадстаўнікі Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і Асацыяцыі «Савет муніцыпальных утварэнняў Бранскай вобласці» правялі міжнародны тэлемост, прысвечаны абмену вопытам работы з насельніцтвам і падыходам да развіцця мясцовага самакіравання і тэрыторый. Падчас тэлемоста абмеркавалі ў тым ліку пытанні захавання гістарычнай памяці і архітэктурнай спадчыны, развіцця адукацыйнага турызму. Удзельнікі дзяліліся практыкамі прыцягнення моладзі ў дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

У фармаце канструктыўнага дыялогу

Менавіта такім чынам працуюць з расійскімі калегамі дэпутаты Магілёўшчыны, падкрэсліў старшыня Магілёўскага абласнога Савета, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр ГАРОШКІН:

— Міжнародная дзейнасць — адзін з кірункаў работы Магілёўскага аблсавета. Мінулы год наглядна прадэманстраваў, што народныя выбраннікі рэгіёна робяць стаўку не на пратакольныя сустрэчы, а на напаўненне пагадненняў рэальным зместам. Галоўны вектар — паглыбленне сувязяў з расійскімі партнёрамі.

Ключавыя дамоўленасці былі дасягнуты на мінулым форуме ў Ніжнім Ноўгарадзе. Там было заключана пагадненне з Заканадаўчым сходам Пензенскай вобласці і зацверджаны план мерапрыемстваў з Мурманскай абласной думай на 2025–2026 гады.

— Але галоўнае, што адрознівае цяперашні падыход, — гэта аператыўны пераход да практыкі, — перакананы сенатар. — Прыкладам служыць удзел дэлегацыі аблсавета (у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі) у лютаўскім круглым стале з калегамі з Новасібірскай вобласці.

Яшчэ адзін паспяховы фармат — тэлемост у рамках XІ рэгіянальнага Форуму «Мясцовае самакіраванне» ў мінулым красавіку. Магілёўская вобласць выступіла пляцоўкай для дыялогу адразу 17 расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку Адыгеі, Уладзімірскай і Новасібірскай абласцей. Цяпер, як дадаў Аляксандр Гарошкін, ідзе прапрацоўка дакументаў для заключэння новых пагадненняў з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі для падпісання іх на пляцоўках чарговага XІІІ Форуму рэгіёнаў, які пройдзе ў чэрвені ў Мінску і Мінскай вобласці.

Узаемаўзбагачэнне і партнёрства

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы на Гродзеншчыне актыўна развіваецца. Сярод партнёраў аблсавета — 12 суб’ектаў улады Расійскай Федэрацыі. У іх ліку — Алтайскі краёвы заканадаўчы сход, Сахалінская абласная дума, Калінінградская абласная дума і іншыя.

— Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню адбываецца ўзаемаўзбагачэнне нашых краін. Рэгіёны Беларусі і Расіі дзеляцца ведамі ў заканадаўчай сферы, маладзёжнай палітыцы, абменьваюцца вопытам рэалізацыі грамадзянска-патрыятычных праектаў. Акрамя таго, адбываецца ўзаемадзеянне паміж пакаленнямі, якое дае магчымасць захаваць традыцыі, але пры гэтым фарміраваць новыя погляды на перспектыву ўзаемадзеяння краін, — адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета Алена ПАСЮТА

— У нашых народаў шмат агульнага, вялікая сумесная гісторыя, але ў кожнага рэгіёна ёсць свае асаблівасці. З імі цікава пазнаёміцца і нешта прымяніць у сваёй практыцы. Напрыклад, падгледзелі праект «Парта героя», які цяпер актыўна рэалізуецца на Гродзеншчыне. Наш адукацыйны праект «Старт» таксама рэалізаваны на аснове ідэі, якую ўбачылі ў нашых партнёраў. Расійскія рэгіёны ў сваю чаргу таксама пераймаюць наш вопыт. У прыватнасці, ім цікавы механізм падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў на заканадаўчым узроўні. Акрамя таго, сіла падпісаных пагадненняў дае магчымасць рэалізоўваць праекты паміж суб’ектамі заканадаўства і эканомікі.

Яна ВАЛАСАЧ, 
Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
Нэлі ЗІГУЛЯ, 
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю