Дзяржаўтаінспектары далі рэкамендацыі аўтамабілістам і пешаходам па бяспецы на дарогах ва ўмовах непагоды, паведамляе БелТА са спасылкай на УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.
Асенняя непагадзь дыктуе асаблівы стыль ваджэння. У час ападкаў вадзіцелям трэба выбіраць найбольш бяспечную скорасць руху ў адпаведнасці з існуючымі ўмовамі, захоўваць дыстанцыю і бакавы інтэрвал. «На мокрай дарозе значна павялічваецца тармазны шлях, а пры рэзкіх манеўрах магчымы заносы, таму ўсе рухі павінны быць плаўнымі. Уключыце блізкае святло фар. Будзьце асабліва ўважлівымі пры праездзе скрыжаванняў і пешаходных пераходаў», — нагадалі ў ДАІ.
«Калі вы трапілі ў паласу моцнага дажджу, неабходна знізіць скорасць, акуратна перастроіцца ў крайні правы рад або на абочыну і спыніцца, не звяртаючыся да экстраннага тармажэння. Уключыце аварыйную сігналізацыю і перачакайце лівень», — падкрэслілі дзяржаўтаінспектары.
Не трэба пераадольваць падтопленыя ўчасткі, а таксама пакідаць машыны ў месцах, дзе звычайна збіраецца дажджавая вада. Паркавацца таксама трэба далей ад дрэў, ліній электраперадачы і слаба ўмацаваных канструкцый.
«Пераходзьце праезную частку ў дазволеных месцах і толькі пераканаўшыся, што ўсе вадзіцелі вас заўважылі і паспяваюць спыніцца. Не закрывайце сабе агляд капюшонам і парасонам. У цемнаце абавязкова выкарыстоўвайце святлоадбівальныя элементы», — падкрэслілі ва УДАІ.