Top.Mail.Ru

У Доме Урада разгарнулася экспазіцыя, прысвечаная подзвігу савецкіх лётчыкаў у Вялікай Айчыннай вайне

Выстаўка «Тым, хто не вярнуўся з палёта» арганізавана ў рамках беларуска-расійскага праекта інфармацыйнага цэнтра архіўна-мемарыяльнай работы «Шануем і памятаем». У яе экспазіцыю ўвайшлі знаходкі, выяўленыя падчас пошукавых экспедыцый. Работы вяліся на працягу 10 гадоў: усяго знойдзена і ўстаноўлена 107 месцаў падзення самалётаў. Знаходкі аформілі ў 16 планшэтаў з нумарнымі фрагментамі самалётаў, па якіх удалося ўстанавіць экіпажы.


Рэліквіі вайны

Безумоўна, прыцягваюць увагу рэліквіі з месца подзвігу экіпажа Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы. Выцяжное кольца парашута, шыльда з часткай нумара планёра, гузікі, лейтэнанцкія знакі адрознення — усе гэтыя дэталі пераносяць гледачоў у падзеі 26 чэрвеня 1941 года. У дзень, калі Мікалай Гастэла, разумеючы, што вярнуцца на аэрадром немагчыма, прыняў рашэнне накіраваць падпалены бамбардзіроўшчык прама ў варожую калону тэхнікі.


Паводле слоў намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандра ШЫПУЛЫ, неба над Беларуссю памятае гераізм савецкіх лётчыкаў:

— Экіпаж Мікалая Гастэлы здзейсніў подзвіг на чацвёрты дзень вайны. А складаўся ён з прадстаўнікоў брацкіх народаў. І сённяшняя сустрэча — сімвал сувязі часоў і захавання гістарычнай памяці ў нашых краінах. Памятаючы аб тых падзеях, мы не дапусцім трагедыі — захаваем мір на нашай зямлі і перададзім памяць і гонар за Перамогу нашых продкаў наступным пакаленням.

Вуснамі нашчадкаў


Успрыманне экспанатаў становіцца сапраўды асаблівым і пранікнёным пасля гутаркі са сваякамі гераічных лётчыкаў. Алена ГАСТЭЛА, унучатая пляменніца Мікалая Францавіча, расказала, што ён быў чалавекам вельмі рознабаковым:

— Іграў на гармоніку, захапляўся шыццём, добра маляваў, катаўся на лыжах і каньках, быў капітанам футбольнай каманды. Яго сям’я жыла ў Мураме ў 1924–1930 гады. Мікалай Гастэла сабраў там футбольную каманду і нават падштурхнуў камсамольцаў пабудаваць у Мураме стадыён «Лакаматыў». Цяпер гэта спартыўная пляцоўка носіць яго імя. Таксама ў гэтым горадзе ёсць музей, прысвечаны Мікалаю Францавічу. Шмат экспанатаў перадала туды наша сям’я.


Яна дадала, што архіў, звязаны з Мікалаем Гастэлай, ляжыць асобна, на ганаровым месцы:

— Я з трапятаннем стаўлюся да памяці пра яго, а таксама пра ягонага роднага брата, майго дзядулю Віктара, які пасля смерці Мікалая Францавіча рваўся на фронт сам і заклікаў па радыё да гэтага ўсіх камсамольцаў. На жаль, у верасні 1942 года Віктар Гастэла загінуў пад Ржэвам.

Удалося нам пагутарыць і з Людмілай ЖУКАВАЙ, унучатай пляменніцай стралка-радыста сяржанта Аляксея Калініна з экіпажа Мікалая Гастэлы:

— Аляксей Калінін скончыў сем класаў, быў вельмі музычным, іграў на многіх інструментах, а перад арміяй нават загадваў установай культуры. Дарэчы, мы ўсе музычныя, усе спяваем. Мой бацька і дзед, як і Аляксей Калінін, ігралі на гармоніку.


Памяць пра гераічнага сваяка займае вельмі важнае месца ў яе сям’і:

— Мы расказваем пра гэта нашым дзецям, унукам. Гэта памяць з намі заўсёды. У нашай сям’і Аляксей Калінін — адзіны чалавек, на якога прыйшла пахаванка. Сваякі ведалі, дзе і як ён загінуў. На жаль, астатнія яго браты і сёстры лічыліся прапаўшымі без вестак. У выніку з вайны вярнуўся толькі мой дзед — Андрэй Калінін.

Выстаўка ў фае Авальнай залы будзе экспанавацца да 26 чэрвеня — да 85-й гадавіны з дня подзвігу экіпажа Мікалая Гастэлы.

Лізавета ГОЛАД,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю