Пяць гадоў работніца аднаго з магазінаў Драгічынскага раёна прысвойвала выручку магазіна, дзе працавала, на «зэканомленыя» грошы купляла сабе падарункі.
Па паведамленні Службы інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, у суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да жыхаркі Драгічынскага раёна — ёй інкрымінавана прысваенне даручанай маёмасці ў асабліва буйным памеры.
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаная працавала прадаўцом магазіна будаўнічых матэрыялаў Драгічынскага райспажыўтаварыства на ўмовах поўнай матэрыяльнай адказнасці. На працягу пяці гадоў жанчына атрымлівала грашовыя сродкі, якія паступалі ў якасці аплаты за набыты тавар, аднак не ўносіла іх у касу магазіна або ўносіла часткова.
У перыяд здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў жанчына купіла дарагія тавары: бытавую тэхніку і мэблю.
Усяго супрацьпраўнымі дзеяннямі абвінавачанай прадпрыемству нанесены ўрон на суму звыш 127 тыс. рублёў.
Падчас папярэдняга расследавання жанчына кампенсавала ўрон у суме ўсяго 700 рублёў.
Вывучыўшы матэрыялы справы, у пракуратуры Брэсцкай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, поўным і аб’ектыўным даследаванні акалічнасцей злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй учыненага па ч.4 арт.211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Фігурантка знаходзіцца пад хатнім арыштам.