Top.Mail.Ru

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы з мінімальным адрывам перамог Наўроцкі

Не так ужо і шмат, калі шчыра. Розніца паміж кандыдатамі склала крыху больш за 1,5 % галасоў. Паводле інфармацыі Нацыянальнай выбарчай камісіі Польшчы, другі кандыдат — Рафал Тшаскоўскі — атрымаў 49,11 % галасоў. Яўка выбаршчыкаў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў склала 71,63 %. А гэта значыць, што амаль 30 % выбаршчыкаў вырашылі не ўдзельнічаць у тым фарсе, у якім прапаноўвалі зрабіць выбар не самага годнага кандыдата, а найменш горшага з двух магчымых варыянтаў.


Наогул, цяперашнія выбары прэзідэнта Польшчы можна ўносіць у аналы гісторыі як самыя брудныя і недэмакратычныя з мноствам скандалаў і выкрыццяў, самым жорсткім хейтам у інтэрнэце непажаданых кандыдатаў, абвінавачваннямі ў наркаспажыванні і сутэнёрстве. Гучыць жудасна, асабліва калі гаворка ідзе пра прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла. Ці такіх лідараў заслугоўвае польскі народ?! Але мае на дадзены момант тых, каго мае...

«Мне шкада, што не ўдалося пераканаць большасць грамадзян у маім бачанні Польшчы. Шкада, што мы не перамаглі разам. Віншуем Караля Наўроцкага з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах», — прызнаў такім чынам сваё паражэнне ў сетцы Х яго сапернік Рафал Тшаскоўскі.

Ён дадаў, што «гэта перамога з’яўляецца абавязацельствам, асабліва ў такія цяжкія часы. Асабліва пры такім блізкім выніку. Калі ласка, запомніце гэта».

«Урокі папярэдніх выбараў не былі засвоены», — заявіў у студыі PAP палітолаг з Ягелонскага ўніверсітэта, прафесар Яраслаў Фліс пасля перамогі Наўроцкага на прэзідэнцкіх выбарах, паведамляе БелТА. Цяперашняя кампанія вельмі падобная на прэзідэнцкія выбары 2020 года, калі Анджэй Дуда перамог таго ж Рафала Тшаскоўскага ў другім туры.

На думку Фліса, перамога Наўроцкага была нечаканай, але не пераканаўчай, а, хутчэй, знясільваючай.

Як адзначае выданне Onet, сцэнарый з перамогай Наўроцкага можа азначаць, што кіруючай кааліцыі застанецца ў асноўным адміністрацыйная функцыя да наступных парламенцкіх выбараў, якія запланаваны на восень 2027 года. Ва ўрадзе існуе перакананне, што Наўроцкі ў прэзідэнцкім палацы будзе Анджэем Дудам у кубе. Ніводзін буйны праект кіруючай кааліцыі не атрымае падтрымкі.

Дарэчы, прэзідэнт Польшчы не толькі мае права накладаць вета на законы, прынятыя парламентам, але і прызначае людзей, якія займаюць ключавыя пасады ў асобных дзяржаўных установах, у тым ліку выбірае трох членаў Савета па грашова-крэдытнай палітыцы і вылучае кандыдата на пасаду прэзідэнта Нацыянальнага банка Польшчы.

Меркаванне

Чаго чакаць ад Польшчы пасля перамогі Наўроцкага на выбарах?

Пра гэта ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» паразважаў дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў

Як падкрэсліў госць студыі, Наўроцкі — чалавек з жорсткай антыкамуністычнай, антырасійскай пазіцыяй.

беляев.jpg

— Я б сказаў, з русафобскай. У нейкі перыяд часу ён узначальваў досыць адыёзную структуру — Польскі інстытут нацыянальнай памяці. Менавіта ён датычны да поўнага зносу помнікаў савецкім воінам на тэрыторыі Польшчы. Гэта было фактычна яго рашэнне, якое ён прадаваў. 

З такога бэкграўнду зразумела, што, напрыклад, для Беларусі гэты кандыдат нічога добрага з сябе не ўяўляе. Акрамя таго, на сёння ён — відавочны стаўленік Вашынгтона, — адзначыў Аляксей Бяляеў.

Паводле яго, Польшча ўжо перманентна з’яўляецца прадстаўніком ЗША ў Еўропе.

— Па сутнасці, усе разумеюць, што гэта такі амерыканскі траянскі конь. Гэта было зроблена для таго, каб Польшча магла збіваць пыху з суседняй Германіі, выступала застрэльшчыкам пастаянных сварак, спрэчак з Расіяй, не давала Еўропе наладзіць нармальныя адносіны з усходнім партнёрам, што, як мы бачым, негатыўна адбіваецца на эканамічным стане Еўрасаюза, што выгадна ЗША, — дадаў эксперт.

Вяртаючыся да Наўроцкага, які перамог на выбарах, госць праграмы падкрэсліў: гэта дастаткова скандальны кандыдат.

— Мы бачылі, што падчас выбарчай кампаніі ў дачыненні да яго было выліта нямала кампрамату. Сам ён таксама падліў алею ў агонь, калі нешта ўжыў падчас прамога эфіру дэбатаў. Гэта значыць, у прынцыпе, дастаткова скандальны кандыдат, — канстатаваў Аляксей Бяляеў. — Ён даволі жорстка настроены і ў дачыненні да Украіны. Таму для яго, напрыклад, будуць нармальнымі пастаянныя дасылкі, згадкі той жа Валынскай разні, якая з’яўляецца раздражняльным фактарам у польска-ўкраінскіх адносінах. І вялікага піетэту ў адносінах да ўкраінскіх бежанцаў ён таксама не адчувае. Таму, думаю, тым жа ўкраінскім суседзям Польшчы трэба падрыхтавацца да таго, што новы прэзідэнт будзе займаць пазіцыю па паступовым размыканні нібыта сяброўскіх абдымкаў і па зніжэнні падтрымкі ўкраінскіх бежанцаў на тэрыторыі Польшчы.

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ працягнуў:

— Для нас Наўроцкі быў і застаецца ідэалагічным ворагам. Яго пазіцыя заключаецца ў знішчэнні ўсякай памяці аб тым, што Польшча калісьці мела добрыя сувязі з Савецкім Саюзам. Усю гістарычную спадчыну савецкай эпохі ён будзе старанна вычышчаць, карыстаючыся сваімі прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі. Зразумела, што ідэалагічна нам абсалютна не па дарозе з такім таварышам.

Каментуючы парушэнні, якія былі выяўлены падчас прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы, Аляксей Бяляеў адзначыў:

— Чаму здзіўляцца, калі нядаўна прайшлі выбары ў Румыніі, якія не адразу прызналі нармальнымі, хоць і прэзідэнт Францыі заявіў, што ўмешваўся ў гэтыя выбары, і прэзідэнт Малдовы заклікала і потым дзякавала сваім грамадзянам за ўмяшанне. Мы бачылі, як здымаліся непажаданыя кандыдаты. Падобнае рэалізуецца ў цэлым па Еўропе. Чаму Польшча з рознымі парушэннямі павінна быць выключэннем? На жаль, Еўропы такое паняцце, як сумленныя і свабодныя выбары, не датычыцца. Сёння Еўропа — гэта тыповая імперыя, дзе, па сутнасці, адбываюцца не выбары, а прызначэнне стаўленікаў цэнтральнай улады. Толькі цяпер ідзе спрэчка, дзе гэта ўлада ўсё ж такі знаходзіцца: у Бруселі ці Вашынгтоне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю