Гэта дата — дзень пашаны людзям, якія сваімі рукамі ствараюць аблічча сучаснай Беларусі. Муляры і мантажнікі, архітэктары і інжынеры, кранаўшчыкі і праекціроўшчыкі — дзясяткі тысяч спецыялістаў штодня выходзяць на будаўнічыя пляцоўкі. Іх намаганнямі ўзводзяцца новыя кварталы, школы, бальніцы, дарогі і вытворчыя аб’екты — усё тое, што робіць наша жыццё камфортным і сучасным.
Як справядліва адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня 2026 года пры назначэнні новага міністра архітэктуры і будаўніцтва: «Калі ёсць будаўніцтва — развіваецца краіна. Калі нічога не будуем, ну якое развіццё? Можам колькі заўгодна гаварыць, але развіцця гэтага не будзе. Дадаваць у асноўным мы можам у краіне толькі за кошт будаўніцтва. Калі гэта ёсць, значыць, краіна жыве».
Будаўнічая галіна — адзін з галоўных рухавікоў эканомікі. Менавіта тут ствараецца рэальны фундамент для развіцця рэгіёнаў, для росту дабрабыту людзей. І галоўны прыярытэт, як неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, — жыллё. Каб кожная сям’я мела свой кут, каб маладыя спецыялісты заставаліся працаваць на роднай зямлі, каб вёскі і гарады раслі і квітнелі. Дзякуючы працы будаўнікоў гэтыя планы становяцца рэальнасцю.
Будаўнічы комплекс Беларусі ў лічбах
Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у студзені — чэрвені 2026 года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 16,3 тысячы новых кватэр.
Агульны аб’ём уведзенага ў эксплуатацыю жылля ў Беларусі склаў 1 633,2 тыс. кв. м. Значная частка квадратных метраў — 524,8 тыс. кв. м, або 32,1 % ад агульнага аб’ёму, — прызначаная для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пры гэтым 237,3 тыс. кв. м (14,5 % ад агульнага ўводу) пабудавана з прыцягненнем дзяржаўнай падтрымкі.
Асаблівую ўвагу дзяржава ўдзяляе шматдзетным сем’ям: для іх узведзена 156,5 тыс. кв. м жылля.
Істотную долю ў агульным аб’ёме займае жыллёвае будаўніцтва ў сельскай мясцовасці — 640,7 тыс. кв. м, або 39,2 % ад рэспубліканскага паказчыка. Акрамя таго, пабудавана 876,5 тыс. кв. м індывідуальных жылых дамоў (53,7 % ад усяго ўзведзенага жылля).
Надзея Зуева