Раніцай 23 лютага каля стэлы «Мінск — горад-герой» адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі. Удзел у цырымоніі ўзяло кіраўніцтва горада і прадстаўнікі сілавых ведамстваў краіны. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да слаўнай традыцыі.
«Сёння важнае свята, у якое мы не толькі віншуем нашых ваеннаслужачых, але і аддаём даніну павагі і памяці тым, хто загінуў на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны, тым, хто каваў Перамогу, — адзначыў намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. — У знак павагі мы ўсклалі кветкі да стэлы «Мінск — горад-герой», знакавага і святога месца. Я хачу пажадаць ваеннаслужачым, ветэранам і ўсім датычным да свята моцнага здароўя. Няхай наша выдатная краіна застаецца той мірнай дзяржавай, якая клапоціцца аб сваіх грамадзянах, забяспечвае дабрабыт і мірнае неба над галавой».
У сваю чаргу ваенны камісар горада Мінска Аляксей Калыванаў заўважыў, што нашы ваеннаслужачыя з гонарам і годнасцю выконваюць задачы па абароне краіны, забеспячэнні нацыянальнай бяспекі: «Хачу павіншаваць ваеннаслужачых і ветэранаў са святам, з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, пажадаць моцнага здароўя, міру, дабрабыту і ўдачы».
Да віншаванняў далучыўся старшыня Мінскага гарадскога каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый Андрэй Бугроў. Ён выказаў словы падзякі абаронцам Радзімы за мір і спакой у нашай краіне: «Мы ўсе з'яўляемся сілай свайго народа, верым нашым Узброеным Сілам і кіраўніку дзяржавы. Я заўсёды кажу: для спакою і ўпэўненасці нам неабходна чуць і слухаць свайго Прэзідэнта».
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Дзмітрый Марцінкевіч адзначыў, што ў гэтае цудоўнае свята — Дзень памяці і падзякі нашым воінам і абаронцам — хочацца пажадаць мірнага неба, здароўя і працвітання, як ваеннаслужачым, так і кожнаму беларусу і ўсёй нашай цудоўнай краіне.
фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.