Top.Mail.Ru

У Дзень пісьменства ў Лідзе адкрыўся інклюзіўны арт-аб’ект

У Лідзе з’явіўся новы арт-аб’ект пад назвай «Верабейкі». Яго ўрачыста адкрылі ў Дзень беларускага пісьменства. Скульптар з Ліды ўвасобіў ідэю, натхнёную аднайменным вершам, напісаным паэтам і ўдзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, які нарадзіўся ў гэтым рэгіёне.



Гэты арт-аб’ект стаў падарункам гораду да свята друкаванага слова. Ініцыятыва яго стварэння належала калектыву Лідскага гісторыка-мастацкага музея, які знаходзіцца ў Доме Валянціна Таўлая. Менавіта тут ва ўзросце сямі гадоў паэт напісаў свой першы верш «Верабейкі», які стаў асновай для арт-аб’екта. Цікава, што кампазіцыя ўключае ў сябе вялікую кнігу, у якой радкі верша надрукаваны звычайным шрыфтам на адной старонцы і шрыфтам Брайля на іншай. Гэта дазваляе людзям з парушэннем зроку таксама азнаёміцца з творам лідскага аўтара. Задуму музейшчыкаў увасобіў мясцовы скульптар Рычард Груша.

image-06-09-25-05-13 (1).jpeg

— Усе ідэі, якія былі перанесены на эскіз я ўвасобіў у жыццё і атрымалася тое, што я хацеў. Аб’ект выйшаў прыемным, камерным. Ён цікавы не толькі дарослым, але і дзецям, якія змогуць літаральна і фігуральна дакрануцца да гісторыі Лідчыны і творчасці Валянціна Таўлая. Мне падабаецца, як у выніку ўсё выйшла, прыемна бачыць, што і людзі станоўча рэагуюць, разглядаюць, фатаграфуюцца. Гэта далёка не першы мой аб’ект у горадзе. Шчыра люблю сваю працу. Прыемна ведаць, што твае тварэнні застануцца на стагоддзі ў камені. Горад будзе жыць, а разам з ім і тое, што было створана табой, — падзяліўся аўтар.

Валянцін Таўлай працаваў у раённай газеце «Наперад», а падчас Вялікай Айчыннай вайны быў заключаны ў фашысцкія казармы ў гэтым жа горадзе. Дом, дзе ён жыў, захаваўся да нашых дзён і вядомы як «дом Таўлая». Сёння ў ім знаходзіцца літаратурны аддзел мясцовага гісторыка-мастацкага музея і ладзяцца сустрэчы мясцовых пісьменнікаў.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю