Бесперашкодна і з камфортам
Стаць яшчэ бліжэй у двух братэрскіх народаў Беларусі і Расіі з’явілася магчымасць з 2 красавіка. У гэты святочны дзень пачаў курсіраваць першы трансгранічны прыгарадны пасажырскі цягнік Смаленск — Орша — Смаленск. Рашэнне аб яго запуску было прынята Саветам Міністраў Саюзнай дзяржавы.
Сімвалічна, што першы святочны маршрут адправіўся са Смаленска ў 14.27 і прыбыў у Оршу ў 16.27 у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Урачысты запуск цягніка прайшоў у рэжыме тэлемоста ў рамках Міжнароднага транспартна-лагістычнага форуму, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. А на станцыі Орша-Цэнтральная пасажыраў першага цягніка сустрэлі ва ўрачыстай абстаноўцы.
— У дзень стварэння Саюзнай дзяржавы мы зрабілі такі падарунак, як трансгранічныя пасажырскія зносіны. Гэта выдатная ініцыятыва, якая дапаможа яшчэ больш з’яднаць нашы народы. Яна створыць магчымасць для людзей дзвюх дзяржаў у любы момант бесперашкодна і з камфортам перамяшчацца паміж дзвюма краінамі. Гэта працягне далейшае з’яднанне народаў і рэалізацыю тых мэт у супрацоўніцтве, якія стаяць перад Саюзнай дзяржавай, — адзначыў першы намеснік начальніка ДА «Беларуская чыгунка» Аляксандр Харашэвіч.

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення Смаленскай вобласці па справах моладзі і грамадзянска-патрыятычным выхаванні Святлана Расоленка адзначыла, што 2 красавіка — важны для расіян і беларусаў дзень.
Старшыня Аршанскага раённага савета дэпутатаў Іна Хамутоўская адзначыла, што Орша як прыгранічны горад падтрымлівае цесныя сувязі з рэгіёнамі Расіі. У прыватнасці, з 14 з іх заключаны пабрацімскія сувязі. Толькі за мінулы год прадпрыемствы Оршы нарасцілі пастаўкі ў Расію на 13,5%. Але самае важнае ў адносінах паміж краінамі — калі аб’ядноўваюцца людзі.— У нашых суверэнных краін цесная гістарычная, духоўная, культурная сувязь. Такая важная падзея, як запуск прамых чыгуначных зносін паміж двума гарадамі Расіі і Беларусі дае больш магчымасцяў, што асабліва важна для моладзі. Мінск і Смаленск сёлета з’яўляюцца маладзёжнымі сталіцамі Беларусі і Расіі. Пройдзе шмат сумесных мерапрыемстваў, а чыгунка будзе садзейнічаць такому кантактаванню, — адзначыла Святлана Расоленка.
— Людзі старэйшага пакалення памятаюць ранейшыя прыгарадныя зносіны паміж Оршай і Смаленскам. Пасля ў сілу абставін яны зніклі, і вельмі важна, што сёння мы іх зноў наладжваем. Бо самае галоўнае, што аб’ядноўвае Расію і Беларусь — гэта агульны гістарычны подзвіг і памяць аб ім, - адзначыла Іна Хамутоўская.
З трэцяга красавіка рэгіянальныя пасажырскія цягнікі будуць курсіраваць у рэгулярных зносінах, прычым не толькі па маршруце Смаленск — Орша, але па маршруце Смаленск — Віцебск. Рашэнне запусціць прамыя рэйсы, сфарміраваўшы адзіную «бясшвовую» прастору паміж прыгранічнымі рэгіёнамі Беларусі і Расіі, спела даўно. Гэты крок дае адразу некалькі плюсоў: ён робіць прасцей лагістыку і значна скарачае агульны час у дарозе, бо дазваляе цалкам выключыць перасадкі на станцыях Асінаўка і Завольша. Адсутнасць перасадак і аптымізацыя графіка паменшыць працягласць паездкі ў сярэднім на 1,5 гадзіны — амаль у два разы. Час у дарозе з Оршы ў Смаленск складае цяпер усяго 1 гадзіну 40 хвілін.

Адным з першых пасажыраў цягніка Смаленск — Орша стаў Сяргей Ізвозчыкаў з Быхава. Яму часта даводзіцца па справах ездзіць у суседнюю краіну.
— На «Ластаўцы» паездка каштуе 58 рублеў, а на новым цягніку — 18, што для мяне як для пенсіянера істотна. Даехаў хутка і зручна. Улічваючы, што летам будзе хадзіць тры пары цягнікоў, будзем з задавальненнем ездзіць, тым больш што з мая абяцаюць ільготы пенсіянерам, — падзяліўся мужчына.
Пра сацыяльную накіраванасць гэтых чыгуначных зносін расказаў першы намеснік начальніка пасажырскай службы Упраўлення Беларускай чыгункі Канстанцін Баяр.
— Мы прыклалі максімум намаганняў, каб людзі камфортна перамяшчаліся за мінімальны кошт. Пры гэтым маглі рэалізаваць сваё права на ільготы, якія былі сінхранізаваны. Смаленск, Віцебск і Орша-гарады, якія звязваюць сваяцкія сувязі, работа, вучоба. Зносіны з перасадкай — не самыя зручная для людзей. Цяпер вельмі проста набыць праязныя дакумент і ў прамых зносінах ажыццявіць паездку, — падкрэсліў ён.
Ільготы праезд у цягніках гэтага праекта прадугледжаны для асобных катэгорый грамадзян на ўсім шляху. Напрыклад, для студэнтаў і школьнікаў прадастаўляецца скікда ў памеры 50% на праезд цягам усяго года, а дзеці да 7 гадоў змогуць ехаць у суправаджэнні дарослых увогуле бясплатна.
Цягнік будзе курсіраваць у фармаце «Экспрэс», робячы штодня да трох рэйсаў туды-назад. Па маршруце Орша — Смаленск кожны дзень на працягу года пасажыраў будуць перавозіць дзве пары цягнікоў з прыпынкам для правядзення неабходных кантрольных працэдур на станцыі Краснае. З Оршы яны будуць адпраўляцца ў 5:30 і ў 16:25 і прыбываць у Смаленск у 7:10 і ў 18:05 адпаведна. Са Смаленска — у 7:57 і ў 18:58 з прыбыццём на станцыю Орша ў 9:37 і ў 20:38.

Акрамя камфорту па часе знаходжання ў дарозе, пасажыры будуць забяспечаны такімі ж зручнымі і ўтульнымі ўмовамі ў вагонах цягнікоў. На маршруце Орша — Смаленск да паслуг пасажыраў будуць прадстаўлены 4-вагонныя электрацягнікі расійскай вытворчасці.
Алена КРАВЕЦ