Top.Mail.Ru

У Дзяржсакратарыяце Савета Бяспекі раскрылі дэталі новага законапраекта аб пенсіях ваеннаслужачых

Папраўкі ў заканадаўства, якія рэгулююць пытанні пенсіённага забеспячэння ваеннаслужачых, будуць разгледжаны парламентам. Адпаведны законапраект падрыхтаваны. Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне аб яго накіраванні ў Палату прадстаўнікоў. Якія навацыі прадугледжваюцца і якіх катэгорый ваеннаслужачых яны датычацца, расказаў журналістам намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандр Рахманаў, перадае БелТА.

Аляксандр Рахманаў растлумачыў, што ў Беларусі ёсць тры разнавіднасці дзяржаўнай службы: грамадзянская, ваенная і ў ваенізаваных арганізацыях. Пры гэтым пытанні пенсіённага забеспячэння дзяржаўных грамадзянскіх служачых і ваеннаслужачых рэгламентаваны рознымі заканадаўчымі актамі і ў сілу спецыфікі службы маюць як агульныя характарыстыкі, так і істотныя адметныя рысы. Так, пенсіённае забеспячэнне ваеннаслужачых і грамадзянскіх дзяржслужачых адрозніваюцца ў частцы парадку, умоў, узроўню.

«Прэзідэнтам Беларусі прынята рашэнне аб накіраванні ў Нацыянальны сход законапраекта, які прадугледжвае змяненне падыходаў і парадку пенсіённага забеспячэння для ваеннаслужачых, службовых асоб, якія праходзяць службу ў органах унутраных спраў, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, а таксама ў органах фінансавых расследаванняў», — падзяліўся намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі.

Для тых, хто адносіцца да гэтых катэгорый і займае кіруючыя пасады розных узроўняў (тэрытарыяльнага, абласнога, а таксама на ўзроўні цэнтральнага апарату), прапануецца павысіць памер пенсіі пры дасягненні імі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (для мужчын — 63 гады, жанчын — 58 гадоў).

Адказваючы на пытанне аб неабходнасці распрацоўкі і прыняцця законапраекта, Аляксандр Рахманаў падкрэсліў: «Гэта важны крок, які ў першую чаргу мае на ўвазе захаванне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і ўраўноўвае ўзровень пенсіённага забеспячэння для ўсіх катэгорый дзяржслужачых».

Паводле яго слоў, прапанаваныя папраўкі будуць дадатковым стымулам для супрацоўнікаў органаў сілавога блока імкнуцца да прафесійнага і кар’ернага росту, што з часам прывядзе і да павышэння іх пенсіённага забеспячэння.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю