У мерапрыемстве ўзяў удзел міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ. Ён адзначыў, што ўзрост не павінен абмяжоўваць чалавека ў жаданні жыць поўным жыццём. У Беларусі прынята стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030», якая дазваляе пажылым людзям рэалізавацца ў спорце, творчасці і грамадскім жыцці.
— На сённяшні дзень у краіне пражывае каля 1,7 мільёна грамадзян ва ўзросце 65 і больш гадоў, — адзначыў Андрэй Лабовіч. — І іх значная частка маладыя душой і актыўныя. Па статыстыцы, сёння ў краіне каля трэці насельніцтва ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя займаюцца фізічнай культурай і спортам у вольны час. Асноўныя прынцыпы Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце — 2030», якія замацоўваюць дзяржаўную палітыку ў адносінах да асоб старэйшага ўзросту, у першую чаргу нацэлены на рэалізацыю іх патэнцыялу і сацыялізацыю ў грамадстве. Сёння ў краіне існуе больш за сотню саветаў пажылых грамадзян, якія ахопліваюць каля паўтары тысячы ўдзельнікаў. І кожны з іх у сябе ў раёне актыўна ўключаецца ў прыняцце тых рашэнняў, якія датычацца асоб старэйшага ўзросту, удзельнічае ў пасяджэннях выканаўчых камітэтаў і ўносіць карысныя прапановы. Акрамя гэтага, мы бачым уцягнутасць асоб старэйшага пакалення ў валанцёрскі рух, рэалізацыю сацыяльных і гуманітарных праектаў. Толькі на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва краіны валанцёрскім рухам ахоплена больш за шэсць тысяч чалавек.
Сімвалічна, што менавіта ў Дзень пажылых людзей адначасова на дыстанцыі марафону выйшлі людзі старэйшага пакалення па ўсёй краіне. А ў Дзяржынску мерапрыемства аб’яднала каля 200 удзельнікаў ва ўзросце ад 70 да 88 гадоў.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ