Ключы ад кватэр у новым доме атрымалі напярэдадні 7 лістапада больш за 30 сем’яў у Дзятлаве, паведамляе БелТА.
Новы жылы дом на 31 кватэру з’явіўся ў райцэнтры ў выніку рэканструкцыі нежылога будынка, якому будаўнікі падарылі другое жыццё. У 3-павярховым будынку 7 аднапакаёвых, 18 двухпакаёвых і 6 трохпакаёвых кватэр. Агульная плошча жылля складае 1863 кв. м.
Напярэдадні аб’ект наведаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. «Жыллё ў райцэнтрах — гэта аснова, каб сем’і тут замацоўваліся, гадавалі дзяцей і звязвалі сваю будучыню з малой радзімай. Калі ў чалавека ёсць дом, ён і на працы трымаецца больш упэўнена, і ў раён прыязджае больш ахвотна. Таму мы і ў далейшым будзем будаваць і рэканструяваць жыллё менавіта там, дзе яно асабліва патрэбна людзям», — адзначыў ён.
Дзякуючы гэтай рэканструкцыі жыллёвае пытанне вырашылі тыя, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу, — ваеннаслужачыя і сем’і, якія даўно чакаюць паляпшэння жыллёвых умоў. Гэта падкрэсліў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. «На працягу сямі гадоў мы будуем ужо сёмы дом з арэнднымі кватэрамі. Узведзены па два арэндныя дамы ў гарадскіх пасёлках Казлоўшчына і Наваельня. У Дзятлаве засяляецца ўжо трэці арэндны дом. Дзякуючы будаўніцтву арэнднага жылля ў нас усе маладыя спецыялісты забяспечаны ім. Сёння 15 маладых спецыялістаў атрымліваюць ключы ад арэндных кватэр у рамках рэспубліканскай праграмы», — сказаў ён.

З наваселлем павіншаваў дзятлаўчан намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук, які падкрэсліў, што Дзятлаўскі раён — лідар у будаўніцтве арэнднага жылля ў Гродзенскай вобласці, у тым ліку дзякуючы ініцыятыве раённага кіраўніцтва. Сёння ў прыярытэце, паводле яго слоў, узвядзенне дамоў у невялікіх населеных пунктах, у першую чаргу для таго, каб затрымліваліся спецыялісты і прыцягваліся новыя.
Сярод сённяшніх навасёлаў ёсць сем’і супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. Выказаць падзяку за такую магчымасць у райцэнтр прыехаў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Алег Пятрышча. Як падкрэсліў кіраўнік упраўлення, дзякуючы актыўнай пазіцыі кіраўніцтва раёна і падтрымцы аблвыканкама сёння ўсе супрацоўнікі профільнага раённага падраздзялення забяспечаны жыллём, што садзейнічае іх рабоце з поўнай аддачай на сваіх месцах.

Радасны дзень сёння для выхавальніцы дзіцячага садка № 2 Таццяны Раманцэвіч. Дзяўчына родам з Іўя ў суседні райцэнтр прыехала па размеркаванні і вось ужо рыхтуецца ўладкоўваць сваю кватэру. «Гэта вялікае шчасце — атрымаць жыллё ў самым пачатку свайго прафесійнага шляху, — падзялілася яна. — Ужо не церпіцца стварыць у кватэры ўтульнасць, навесці прыгажосць. Жыллё — вялікі стымул, каб пусціць тут карані, бо гэта адна з найважнейшых умоў для жыцця».