У ЕАЭС завяршаецца фарміраванне турыстычнага інфармрэсурсу, дзе будуць прадстаўлены 38 маршрутаў па краінах саюза. Аб гэтым паведаміў дырэктар Дэпартамента развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі Ернар Бакенаў на панэльнай дыскусіі «Сучасныя лічбавыя рашэнні ў сферы турызму: вопыт краін ЕАЭС» V Еўразійскага эканамічнага форуму, які праходзіць у Астане (Казахстан), паведамляе БелТА.
Праект накіраваны на інтэграцыю культурнай, гістарычнай і прыроднай спадчыны краін пяцёркі. Як расказаў Ернар Бакенаў, турызм у ЕАЭС перастае быць проста сферай адпачынку, ператвараючыся ў магутны эканамічны лакаматыў. У сферу актыўна прыходзяць штучны інтэлект, лічбавізацыя.
«У Еўразійскай эканамічнай камісіі знаходзімся на фінішнай прамой, фарміруем інфармацыйны рэсурс па турызме, дзе будуць прадстаўлены 38 турмаршрутаў, якія злучаюць усе краіны ЕАЭС. Яны ў сябе ўключаюць больш як 400 турыстычных аб’ектаў. І работа будзе прадаўжацца. Спадзяёмся на актыўны ўдзел бізнесу», — сказаў Ернар Бакенаў.
Ён дадаў, што ў канцы мінулага года зацверджана Канцэпцыя развіцця турызму ў рамках ЕАЭС.
Сесія «Сучасныя лічбавыя рашэнні ў сферы турызму: вопыт краін ЕАЭС» прызначана адказаць на пытанне: як прымусіць інавацыі працаваць на турыстычны патэнцыял еўразійскага рэгіёна. Згодна з экспертнымі ацэнкамі, каля 7 працэнтаў сусветных інвестыцый сёння накіроўваюцца менавіта ў турызм, які можа стаць крыніцай развіцця да 50 сумежных сектараў — ад аграпрамысловага комплексу і транспарту да высокіх тэхналогій і сферы паслуг.
У краінах інтэграцыйнага аб’яднання актыўна ўкараняюцца нацыянальныя турыстычныя парталы, інтэрактыўныя сістэмы навігацыі ў зонах адпачынку і нават тэхналогіі дапоўненай рэальнасці (AR), якія даюць магчымасць убачыць гісторыю помнікаў на экране смартфона.