У праекце прымуць удзел Заслаўская гімназія, Каладзішчанская сярэдняя школа № 2, Мачулішчанская сярэдняя школа, Сеніцкая сярэдняя школа № 2 і сярэдняя школа № 1 у вёсцы Копішча.
Да пачатку навучальнага года педагогі будуць асвойваць работу з новай платформай. Першае паўгоддзе стане перыядам тэсціравання яе магчымасцяў.
Новая версія «Электроннай школы» будзе значна шырэй за ранейшую. Калі раней сістэма ўключала два асноўныя модулі, то зараз іх колькасць павялічылі да 12.
Для бацькоў гэта азначае больш інфармацыі аб школьным жыцці дзіцяці. У сістэме можна будзе ўбачыць расклад, вынікі навучання і даныя аб адукацыйным працэсе. Таксама бацькі змогуць атрымліваць інфармацыю аб выхаваўчых мерапрыемствах і падзеях, якія праходзяць у школе.
Асобную цікавасць уяўляе раздзел, звязаны са школьным харчаваннем. Бацькі змогуць убачыць меню сталовай і даведацца, якія прадукты і інгрэдыенты выкарыстоўваюцца пры прыгатаванні страў.
Для школ новая сістэма павінна дапамагчы перавесці школьны дакументаабарот у электронны фармат і спрасціць працу педагогаў.
Як адзначыў дырэктар Каладзішчанскай сярэдняй школы № 2 Андрэй Баравікоў, новая версія платформы істотна адрозніваецца ад той, якую тэсціравалі раней. Цяпер яна павінна ахопліваць больш напрамкаў школьнага жыцця.
Распрацоўкай дзяржаўнай сістэмы займаецца інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі. Праект рэалізуецца ў рамках развіцця рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя.