Top.Mail.Ru

У ЕС багатыя дзяржавы і датацыйныя краіны не могуць дамовіцца аб бюджэце

Грошы псуюць Еўропу

У Еўропе адбываецца пакутлівы дыялог: 27 краін ЕС дзеляць грошы. Дэ-юрэ гэта дзейства называецца ўзгадненнем бюджэту на 2028–2034 гады. Абмяркоўваюцца самыя розныя канфігурацыі і дызайн будучых расходаў і даходаў агульнай казны аб’яднання. Пры ўсёй разнастайнасці варыяцый, пакуль усё зводзіцца да супярэчнасці «старога» і «новага» ЕС. Большасць заходніх краін схільныя да скарачэння расходаў. Усходні блок, наадварот, настойвае на іх нарошчванні. Акрамя таго, існуюць значныя разыходжанні па прыярытэтах затрат. Улічваючы агульную складаную эканамічную сітуацыю ў Старым свеце, бюджэт можа цалкам стаць яблыкам разладу.

Так званы «стары» ЕС у масе сваёй заклапочаны яго геапалітычнай пазіцыяй у свеце. Пры ўсіх праблемах у Еўропе ёсць нядрэнная прамысловая база, дастаткова шырокі спектр кампетэнцый у традыцыйных галінах. Але ў электроніцы, ІT, беспілотных сістэмах і іншых кірунках будучай эпохі еўрапейцы, відавочна, адсталі. 

Па крытычнасці адрыву эксперты выказваюць розныя меркаванні. 

У цэлым, сітуацыя з тэхналагічным узроўнем у ЕС не добрая, але і не крытычная ў сваім драматызме. Аднак такой можа стаць, калі на праблему ўпарта не звяртаць увагі. Не самым лепшым чынам ідуць справы ў Еўрасаюзе і з суверэнітэтам у галіне бяспекі. Занадта шмат прынцыповых праблем у гэтай галіне аддаваліся на водкуп ЗША з часоў «халоднай вайны». І гэтая звычка перакачавала ў аднапалярны, а затым і шматпалярны свет.

І тэхналагічнае развіццё, і аднаўленне ваенна-палітычнага статусу патрабуе грошай, грошай і яшчэ раз грошай. Таму Германія, Францыя, Данія, Нідэрланды, Аўстрыя і Фінляндыя выступаюць за прыярытэтнасць фінансавання з агульнага бюджэту Еўрасаюза інавацый і абаронных мерапрыемстваў. Больш за тое, Парыж і Берлін праводзяць серыі двухбаковых кансультацый за зачыненымі дзвярамі. Чарговая такая сустрэча канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона адбылася ў кастрычніку. Дзве краіны гістарычна прэтэндуюць на статус вялікіх дзяржаў. Таму цалкам відавочна, што менавіта гэтыя краіны найбольш занепакоеныя геапалітычнай пазіцыяй і на нацыянальным узроўні, і ўсяго аб’яднання. Прытым Германія і Францыя з’яўляюцца ключавымі донарамі агульнай еўрапейскай казны. Адпаведна, яны і больш актыўна заяўляюць свае правы на выкарыстанне гэтых сродкаў па тых кірунках, якія яны лічаць стратэгічна прыярытэтнымі.

Але гэта пазіцыя не знаходзіць поўнага разумення ў 17 дзяржавах ЕС. У тым ліку і старых членаў — Іспаніі, Італіі, Партугаліі і ўсяго ўсходняга блока. Гэтыя краіны выступаюць за захаванне субсідый у аграрны сектар, падтрымку фермераў і ўкладанняў у адсталыя рэгіёны. Іх пазіцыя таксама вытлумачальная і зразумелая. Знешнія шокі балюча б’юць па менш багатых дзяржавах. Сур’ёзныя эканамічныя праблемы маюць Венгрыя, Чэхія, Румынія. І нават Польшча. З аднаго боку, яна дэманструе макраэканамічны рост, які здаецца вельмі ўнушальным на фоне сярэдніх еўрапейскіх паказчыкаў. З другога, Варшава з’яўляецца найбуйнейшым атрымальнікам падтрымкі са сродкаў Еўрасаюза. Скарачэнне апошняй здольнае хутка нівеліраваць усе поспехі. Геапалітычны статус гэтыя дзяржавы хвалюе, але ў меншай ступені. Як і тэхналагічнае лідарства. Бо ключавымі бенефіцыярамі становішча на міжнароднай арэне ўсё роўна з’яўляюцца Парыж і Берлін. А невялікія краіны будуць знаходзіцца ў цені больш моцных і магутных партнёраў.

Пасля Другой сусветнай еўрапейская інтэграцыя праходзіла пад шатамі адказу на выклікі «халоднай вайны». У 90-я і 2000-я пашырэнне Саюза адбывалася пад эгідай Германіі, якая хацела зноў заняць адно з самых значных становішчаў у сусветнай палітыцы праз пашырэнне свайго эканамічнага ўплыву. Вялікі ЕС, акрамя ўсяго, задумваўся і рэалізоўваўся як аб’яднанне, якое складзе канкурэнцыю ЗША. І еўра з’явіўся, у тым ліку, як процівага долару ў міжнароднай фінансавай сістэме. Тады ж, у 2000-х, развівалася парадыгма цеснага супрацоўніцтва з дзяржавамі, якія мяжуюць з усходняй часткай ЕС. Пазітыўна развіваліся эканамічныя адносіны з Турцыяй, Расіяй, Сярэдняй Азіяй, каўказскім рэгіёнам і нават Кітаем. Чвэрць стагоддзя таму шырокая еўразійская інтэграцыя — ад Лісабона да Шанхая — здавалася не ўтапічнай, а цалкам здзяйсняльнай. 

У гэтай парадыгме Германія актыўна інвесціравала ў свой геапалітычны імідж — і ў частцы стварэння прывабнасці ЕС на знешнім контуры, і выкарыстання мяккай сілы для ўцягвання ў сваю арбіту новых краін, і ўкладання ў развіццё краін — партнёраў па ўсходнім напрамку.

Цяпер сістэма каардынат прынцыпова змянілася. Канкурэнцыя з ЗША захавалася, але яе ініцыятарам выступае ўжо не Брусель, а Вашынгтон. І ёсць падазрэнні, што Белы дом лічыць за лепшае іграць па правілах жорсткага сцэнарыя зліцця і паглынання, імкнучыся паставіць пад кантроль індустрыяльны еўрапейскі сектар. У Штатаў, будзем рэалістамі, ёсць франтырныя тэхналогіі і інавацыі, але слабаваты прамысловы комплекс. Таму еўрапейскія фабрыкі і заводы Амерыцы нават вельмі спатрэбяцца для вялікай геапалітычнай гульні. У Еўразіі ж Еўропа заняла канфрантацыйную пазіцыю. Абвастрыліся адносіны з Пекінам, перш за ўсё ў эканамічнай плоскасці. 

З Расіяй кантакты знаходзяцца на гістарычна нізкім узроўні. І калі ў парадыгме пачатку 2000-х усходняе крыло ЕС выступала мостам, які аб’ядноўвае эканомікі Захаду і Усходу, то сёння гэтыя масты калі не спаленыя цалкам, то пакуль перакрытыя. 

І новыя члены Еўрасаюза апынуліся ў вельмі няпростым эканамічным становішчы. Натуральна, яны патрабуюць ад Еўрасаюза кампенсацыі. Але краінам-донарам ужо не так цікава ўкладваць у рэцыпіентаў.

Агульная ж ідэя, якая б аб’яднала інтарэсы ўсіх 27 членаў ЕС, адсутнічае. І цяжка сказаць, наколькі яна ўвогуле магчымая ў існуючых умовах. Таму ці будзе дыскурс аб бюджэце выключна фінансава-эканамічным альбо будзе дрэйфаваць у бок палітычнага крызісу? Цалкам магчыма. Тым больш што абмеркаванне структуры расходаў еўрапейскай казны адбываецца на фоне маючых адбыцца выбараў у шэрагу краін. 

У тым ліку ў Францыі. І еўрапейскі бюджэт можа стаць фактарам унутранай нацыянальнай палітыкі, а гэта ніколі не садзейнічала інтэграцыі. Чым закончыцца згаданая гісторыя, пакажа час. Але ЕС адназначна стаіць перад сур’ёзным выклікам.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю