Top.Mail.Ru

У фонд Музея Марка Шагала ў Віцебску ўпершыню паступілі работы Восіпа Цадкіна

Калекцыя Музея Марка Шагала ў Віцебску ўпершыню папоўнілася трыма графічнымі лістамі вядомага скульптара і мастака-графіка ХХ стагоддзя Восіпа Цадкіна. Пра гэта БелТА паведаміла дырэктар установы культуры Ірына Воранава.


Мастак нарадзіўся ў Віцебску. Падчас вучобы ў гарадскім чатырохкласным вучылішчы ён два гады быў аднакласнікам Марка Шагала, а яго настаўнікам быў Юрый Пэн. Ён таксама, як і яго прыяцель па вучобе, жыў у парыжскім «Улье» і ўвабраў ідэі авангардызму. Яго манументальныя скульптуры знаходзяцца ў найбуйнейшых гарадах розных краін, а кубістычныя і посткубістычныя станковыя скульптуры — у вядучых сусветных музеях. Цадкін таксама актыўна працаваў у станковай і друкаванай графіцы.

Да друкаванай графікі мастака адносяцца дзве літаграфіі і лінагравюра — новыя паступленні ў калекцыю Музея Марка Шагала. Літаграфія Восіпа Цадкіна «Крыцкі бык» (1960 год) адносіцца да серыі «Подзвігі Геракла». Яна была надрукавана на веленевай паперы (шчыльнай, але гладкай і без бачнай воку тэкстуры) накладам 350 асобнікаў у нямецкім выдавецтве ў Кёльне. Літаграфія «Акрабат» (1965 год) выканана на паперы таго ж віду, яна выходзіла накладам у 150 асобнікаў. Фонды віцебскага музея папоўнілі адпаведна 104-ы і 135-ы адбіткі гэтых гравюр з алоўкавымі подпісамі аўтара. Лінагравюру «Без назвы» (1938 год) Восіп Цадкін выканаў для мастацкага часопіса «ХХ стагоддзе» ў 1938 годзе. Яна падпісана на дошцы (гэта значыць на самой друкаванай форме) ініцыяламі мастака.

Ірына Воранава адзначыла, што работы мастака паступілі ва ўстанову культуры ў здавальняючым стане і практычна не патрабуюць рэстаўрацыі. Цяпер яны праходзяць дакументальнае афармленне ў музейны фонд, а затым будуць выстаўляцца на зменных выставах у Арт-цэнтры Марка Шагала. «Гэта першыя працы Восіпа Цадкіна ў калекцыі нашага музея. У Беларусі яго твораў не так шмат, і нам вельмі пашанцавала стаць захавальнікамі рэдкіх гравюр, выкананых нашым знакамітым земляком. Літаграфіі і лінагравюру Цадкіна падарыў сябар музея і мецэнат (які пажадаў застацца невядомым. — Заўв. БелТА)», — расказала дырэктар Музея Марка Шагала.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю