Top.Mail.Ru

У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў

І зброяй, і словам

Гісторыя калекцыі непарыўна звязана з гісторыяй музея. Восенню 1943 года, калі было прынята рашэнне аб яго стварэнні, партызанскія фарміраванні атрымалі радыёграмы з распараджэннем захаваць для будучай экспазіцыі дакументы, якія характарызуюць жыццё і баявую дзейнасць партызан. Датычылася гэта ў тым ліку іх друкаваных і рукапісных выданняў. 248 часопісаў партызанскіх фарміраванняў Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, якія ствараюць музейную калекцыю, сведчаць аб беспрэцэдэнтным подзвігу партызан, іх важкім унёску ў разгром ворага.

Галерэя народных мсціўцаў

Калекцыя рукапісных часопісаў у асноўным сфарміравалася ў выніку паступленняў у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Рукапісны часопіс брыгады «Полымя» Мінскай вобласці быў падораны партызанамі начальніку Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймону Панамарэнку, які ў 1948-м перадаў яго ў музей.

Часопіс нагадвае аб’ёмную кнігу з вялікай колькасцю ілюстрацый. Пагартаць яго можна толькі віртуальна: 

з мэтай захаванасці экспанат алічбаваны. 350 старонак каштоўнай інфармацыі і 77 ілюстрацый, сабраныя пад вокладкай са штучнай скуры, пераносяць у партызанскі лагер, на месцы партызанскіх дыверсій — гэта своеасаблівая справаздача аб баявой дзейнасці і жыцці брыгады «Полымя» за два гады яе існавання.

«У партызанскай брыгадзе „Полымя“ з ворагам змагаліся будучы заслужаны дзеяч мастацтваў БССР мастак Уладзімір Сухаверхаў і заслужаны работнік культуры БССР мастак Соф’я Лі, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ірына ЗЯНЬКО. — Іх намаганнямі ў часопісе створана цэлая галерэя партызан, якія праславіліся ў барацьбе з ворагам. Пры гэтым многія партрэты — адзіныя выявы гэтых людзей, што захаваліся да нашых дзён. Усяго часопісы, якія знаходзяцца ў калекцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, змяшчаюць больш за тры тысячы ілюстрацый, выкананых з розным узроўнем мастацкага майстэрства. Значнасць рукапісных часопісаў відавочная».

Загартоўка боем

У верасні 1941 года пяцёра ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, стварылі дыверсійную групу. Узначаліў яе старшы палітрук Яўген Філіпскіх — будучы камандзір брыгады «Полымя», якая змагалася з ворагам на тэрыторыі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Як сказана ў часопісе, гэта былі «бяззбройныя, дрэнна апранутыя, часта галодныя, але з непахіснай воляй людзі».

У кастрычніку 1942-га партызаны атрада ажыццявілі буйную дыверсію — падрыў чыгуначнага моста праз раку Талька, у выніку чаго рух цягнікоў па магістралі Мінск — Бабруйск быў спынены на 12 сутак. Праз год маленькая дыверсійная група вырасла да партызанскага атрада колькасцю ў 250 чалавек, які ўвайшоў у брыгаду «За Радзіму» Мінскай вобласці. 

26 чэрвеня 1943 года рашэннем міжраённага падпольнага камітэта КП(б)Б Мінскай зоны з чатырох атрадаў — «Полымя», «Слава», «Перамога» і імя В. І. Чапаева — была створана партызанская брыгада «Полымя».

«Да святкавання двухгоддзя барацьбы было арганізавана сацыялістычнае спаборніцтва: кожны атрад павінен быў пусціць пад адхон тры варожыя эшалоны і паспяхова з гэтым справіўся, — успамінае Ірына Зянько. — У часопісе таксама прыводзіцца падрабязная справаздача аб баявой дзейнасці брыгады за гэты перыяд: 156 дыверсій! 2 ліпеня 1944-га партызанская брыгада „Полымя“ ў складзе чатырох атрадаў агульнай колькасцю 634 чалавекі злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. А 15 жніўня гэтага ж года за ўзорнае выкананне баявых заданняў у тыле ворага і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху палкоўніку Яўгену Філіпскіх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза».

Захоўвалі як найкаштоўнейшыя дакументы

Вызначыць, колькі рукапісных часопісаў было выпушчана ў партызанскіх фарміраваннях Беларусі за гады акупацыі, сёння не ўяўляецца магчымым. Вядома, што многія з іх выходзілі з пэўнай перыядычнасцю (як правіла, штомесяц або раз на два тыдні). Аднак былі і адзінкавыя экзэмпляры. У асноўным у публікацыях падводзіліся вынікі баявой дзейнасці партызан, мова лічбаў дапаўнялася аповедамі, біяграфічнымі нарысамі, успамінамі саміх народных мсціўцаў. Кожны часопіс пацвярджае шматнацыянальны склад партызанскіх фарміраванняў.

«Па тэхніцы выканання рукапісныя часопісы ўяўлялі сабой самаробныя, напісаныя ад рукі, надрукаваныя на машынцы сшыткі або альбомы рознага фармату і аб’ёму, — удакладняе вядучы навуковы супрацоўнік. — Іх назвы адлюстроўвалі прызначэнне народнага супраціўлення і часта супадалі з назвай атрада або брыгады. Часопісы выступалі як органы партыйных і камсамольскіх арганізацый, камандаванняў атрадаў і брыгад. Рэдактарамі часопісаў часта прызначаліся камісары або сакратары партарганізацый партызанскіх фарміраванняў. Аўтарамі артыкулаў, апавяданняў, нарысаў, старонак сатыры і гумару былі самі партызаны».

Захоўванню рукапісных часопісаў удзялялася асаблівая ўвага. Апынуўшыся ў коле варожай блакады, партызаны закопвалі іх у зямлю ў скрынях ад патронаў і снарадаў разам з дакументамі атрада ці брыгады. Выпушчаныя нумары часам заварочвалі ў трывалую мешкавіну і закопвалі ў зацішным месцы на ўскрайку лесу. Дзякуючы гэтаму сёння мы можам даведацца ўсю праўду аб партызанскай барацьбе з першакрыніцы.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю