Аб патрабаваннях да ўмоў працы ў перыяд высокіх тэмператур расказалі ў ФПБ, паведамляе БелТА.
Тэхнічная інспекцыя працы ФПБ на пастаяннай аснове праводзіць маніторынгі выканання заканадаўства аб ахове працы, у перыяд анамальных тэмператур увага да гэтых пытанняў узмацняецца.
У Беларусі аптымальная тэмпература на працоўных месцах рэгламентуецца гігіенічным нарматывам і залежыць ад відаў работ і інтэнсіўнасці энергазатрат арганізма. «Калі для офісных работнікаў, якія большую частку працоўнага часу праводзяць за камп'ютарам, аптымальнай лічыцца тэмпература 23-25 градусаў цяпла, то для людзей, занятых фізічнай працай, аптымальныя паказчыкі будуць іншыя. Гэта звязана з тым, што пры актыўнай працы арганізм выпрацоўвае больш цяпла, а значыць умовы працы павінны забяспечваць магчымасць пазбегнуць перагрэву. Разам з тым дзейнічаюць вытворчасці, дзе забяспечыць тэмпературны рэжым аб’ектыўна немагчыма з-за асаблівасцяў тэхналагічнага працэсу. У такіх выпадках асаблівае значэнне набываюць дадатковыя меры абароны работнікаў», — растлумачылі ў прэс-службе.
Каб выключыць прычыненне шкоды жыццю і здароўю людзей ва ўмовах гарачага надвор’я, наймальнік абавязаны арганізаваць працоўны працэс з улікам патрабаванняў заканадаўства.
У прыватнасці, неабходна забяспечыць кандыцыянаванне паветра або паветранае душыраванне працоўных месцаў. Таксама павінна быць арганізавана забеспячэнне работнікаў пітной вадой.
Акрамя таго, работнікам павінны быць прадастаўлены памяшканні або спецыяльна абсталяваныя месцы для адпачынку. Важнае значэнне мае і забеспячэнне сродкамі індывідуальнай аховы. Напрыклад, пры выбары спецадзення рэкамендуецца выкарыстоўваць паветрапранікальныя і гіграскапічныя матэрыялы, якія дазваляюць падтрымліваць камфортны мікраклімат для арганізма.
Яшчэ адной мерай па абароне работнікаў з’яўляецца ўстанаўленне дадатковых рэгламентаваных перапынкаў для адпачынку. Іх працягласць, парадак прадастаўлення і пералік адпаведных работ павінны быць замацаваны ў правілах унутранага працоўнага распарадку або калектыўным дагаворы. Пры гэтым такія перапынкі прадастаўляюцца нараўне з перапынкам для адпачынку і харчавання, а не замест яго, і ўключаюцца ў працоўны час.
Асаблівая ўвага павінна надавацца работнікам, якія працуюць на адкрытым паветры. Акрамя арганізацыі пітнога рэжыму, прадастаўлення спецыяльных перапынкаў і месц для адпачынку, наймальнік можа карэкціраваць рэжым працы з улікам умоў надвор’я. Пры рабоце ў моцную спякоту (звыш плюс 30 градусаў) у асобных арганізацыях можа карэкціравацца рэжым працоўнага дня.
У ФПБ адзначылі, што зваротаў работнікаў наконт тэмпературнага рэжыму ў бягучым сезоне, як і ў папярэднія гады, становіцца менш, што сведчыць аб адказным падыходзе наймальнікаў да гэтых пытанняў. Пры неабходнасці прафсаюзныя спецыялісты аказваюць кансультатыўную дапамогу наймальнікам, каб папярэдзіць парушэнні заканадаўства і мінімізаваць рызыкі для здароўя работнікаў.
«У цэлым большасць зваротаў датычыцца растлумачэння норм заканадаўства. Адно з самых частых пытанняў — ці абавязаны наймальнік аплачваць поўны працоўны дзень, калі адпусціў супрацоўніка з працы раней у сувязі са спякотай. Працоўным заканадаўствам дакладна вызначана, што заработная плата налічваецца за фактычна адпрацаваны час. Такім чынам, чакаць, што дзень будзе аплачаны ў поўным аб’ёме, не трэба», — сказалі ў прэс-службе.
У ФПБ адзначылі, што для кожнага звароту прадугледжаны дакладны алгарытм дзеянняў. Як правіла, спецыялісты выязджаюць непасрэдна ў арганізацыю, каб аб’ектыўна ацаніць умовы працы на месцы. Калі факты парушэнняў пацвярджаюцца, наймальніку выдаюцца рэкамендацыі па іх устараненні і кантралюецца прыняцце неабходных мер для паляпшэння ўмоў працы работнікаў.
У ФПБ нагадалі, што паведаміць аб фактах парушэнняў аховы працы, неадпаведных умовах працы можна па адзіным бясплатным нумары — 88011001111. Спецыялісты міжгаліновага маніторынгавага цэнтра ФПБ працуюць штодзень з 8:00 да 20:00.