Top.Mail.Ru

У ФПБ прааналізавалі характар зваротаў грамадзян: у топе — прававая тэматыка

Дзясяткі тысяч сігналаў: з якімі пытаннямі людзі ідуць у прафсаюзы

Так, у топе зваротаў — прававая тэматыка. Грамадзян цікавілі парадак заключэння, прадаўжэння і ўмоў працоўных дагавораў, прадастаўленне гарантый у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі, аказанне матэрыяльнай дапамогі, умовы і аплата працы, а таксама пытанні, звязаныя з арганізацыяй адпачынку і аздараўлення работнікаў. Дарэчы, частка зваротаў — падзякі за арганізацыю санаторна-курортнага лячэння і турысцка-экскурсійных праграм. Каля тысячы заяўнікаў адзначылі высокі ўзровень медыцынскага суправаджэння і магчымасць не толькі адпачыць, але і ўмацаваць здароўе.

Звароты, якія датычыліся парушэнняў правоў і інтарэсаў работнікаў, у пераважнай большасці — 98,2 працэнта — вырашаліся на карысць заяўнікаў.

Напрыклад, па калектыўным звароце работнікаў адной са сталічных арганізацый аб парушэннях працоўнага заканадаўства была праведзена сустрэча з заяўнікамі і кіраўніцтвам прадпрыемства, вывучаны неабходныя дакументы. Частка парушэнняў пацвердзілася. Наймальніку выдадзены рэкамендацыі на іх устараненне: адменены загады аб зніжэнні прэміяльных выплат у дачыненні да 32 работнікаў, а таксама загад аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці.

Яшчэ адзін калектыўны зварот датычыўся запазычанасці па заработнай плаце. У ходзе маніторынгу факты таксама пацвердзіліся. Нягледзячы на тлумачэнні наймальніка аб фінансавых цяжкасцях, прафсаюзы настаялі на неабходнасці першачарговага разліку з работнікамі. У выніку запазычанасць была поўнасцю ліквідавана.

Аператыўна вырашаюцца і пытанні ўмоў працы. Напрыклад, зварот работніка — прыбіральніка тэрыторыі аднаго з гандлёвых аб’ектаў Гомеля — датычыўся нявыдачы сродкаў індывідуальнай абароны. Па выніках разгляду звароту работніка поўнасцю забяспечылі ўсім неабходным. Акрамя таго, дадаткова аператыўна вырашана пытанне з касметычным рамонтам бытавога памяшкання і заменай няспраўнай працоўнай прылады.

Нагадаем, прафсаюзы таксама актыўна ўдзельнічаюць у пытаннях занятасці і павышэння ўзроўню аплаты працы. У прыватнасці, прафсаюзамі быў разгледжаны калектыўны зварот лесаводаў адной з арганізацый Гомельшчыны, якія ўказалі на неадпаведнасць заработнай платы аб’ёмам выкананых работ. Прафсаюзныя спецыялісты на месцы сустрэліся з работнікамі, а таксама правялі перагаворы з наймальнікам для вырашэння працоўнай спрэчкі. Акрамя таго, прафсаюзы звярнулі ўвагу наймальніка на неабходнасць стварэння адпаведных умоў працы, у тым ліку забеспячэнне транспартам, тэхнікай, інструментамі і расходнымі да іх матэрыяламі. Яшчэ адна рэкамендацыя датычылася выканання патрабаванняў заканадаўства: азнаямлення работнікаў з умовамі працы пад роспіс і кампенсацыі камандзіровачных расходаў.

Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, работа са зваротамі грамадзян — гэта найважнейшы інструмент зваротнай сувязі, які дае магчымасць бачыць рэальную сітуацыю ў працоўных калектывах і аператыўна рэагаваць на пытанні, што ўзнікаюць.

— За кожным зваротам стаяць канкрэтныя людзі і іх жыццёвыя сітуацыі. Наша задача — не толькі зняць канкрэтнае пытанне, але і па магчымасці прадухіліць падобныя выпадкі ў будучыні. Пры гэтым мы бачым, што спектр зваротаў пашыраецца: людзі давяраюць прафсаюзам не толькі пытанні працоўных адносін. І нават у выпадках, калі пытанні не ўваходзілі ў кампетэнцыю прафсаюзаў, грамадзянам аказвалася ўсебаковая кансультацыйная дапамога: спецыялісты падрабязна тлумачылі магчымыя шляхі вырашэння і накіроўвалі ў адпаведныя інстанцыі, — дадалі ў прэс-службе ФПБ.

Прафсаюзы падключаюцца і да вырашэння жыццёвых сітуацый, якія напрамую не заўсёды звязаны з працоўнымі адносінамі. Так, па звароце дзвюх сясцёр з невялікага райцэнтра — маладых спецыялістаў, якія засталіся без апекі бацькоў, — была аказана дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання. Пры садзейнічанні прафсаюза ім прапанавана арэнднае жыллё, а на перыяд афармлення дакументаў прадастаўлены інтэрнат, што дало магчымасць стварыць умовы для замацавання маладых работнікаў на першым працоўным месцы.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю