Top.Mail.Ru
219

У ФПБ расказалі аб падтрымцы прызыўнікоў

Гарантыі занятасці і матэрыяльная падтрымка


У Беларусі зараз працягваецца прызыў на тэрміновую ваенную службу. Адначасова звальняюцца ў запас вайскоўцы тэрміновай службы і рэзервісты, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.
Як расказалі ў нацыянальным прафцэнтры, у прафсаюзы паступаюць звароты ад прызыўнікоў, якія пачалі сваю працоўную дзейнасць, з просьбай растлумачыць нюансы працоўнага заканадаўства. Таксама маладых людзей цікавяць пытанні, звязаныя з гарантыямі для прызыўнікоў.
— Наймальнік павінен прадаставіць работніку гарантыі і кампенсацыі пры прызыве яго на ваенную службу, а таксама пры прыёме на працу пасля звальнення са службы. Па-першае, працоўныя адносіны спыняюцца на падставе выключна 44 артыкула Працоўнага кодэкса, пры гэтым работнік прадстаўляе наймальніку дакумент, які пацвярджае прызыў на тэрміновую ваенную службу або накіраванне на альтэрнатыўную службу. Таксама работнік мае права на выходную дапамогу ў памеры не менш за яго двухтыднёвы сярэдні заробак, — дадалі ў прэс-службе ФПБ.

Гарантыі прадугледжаны і для грамадзян, звольненых з ваеннай службы.

Па-першае, пасля завяршэння службы ў маладых людзей ёсць магчымасць на працягу трох месяцаў вярнуцца да таго ж наймальніка на ранейшае месца працы або на раўнацэнную пасаду. Дарэчы, па вяртанні на працу заканадаўствам прадугледжана выплата ў памеры не менш за адну мінімальную заработную плату. Яшчэ адзін нюанс — калі малады чалавек прызываецца на тэрміновую ваенную службу ў перыяд адпрацоўкі па размеркаванні, то гэты перыяд службы можа быць залічаны ў тэрмін абавязковай працы па размеркаванні.

Таксама прафсаюзы сумесна з сацыяльнымі партнёрамі вядуць пастаянную работу па падтрымцы маладых людзей, якія вяртаюцца пасля праходжання тэрміновай службы на свае працоўныя месцы. Дамоўленасці знаходзяць адлюстраванне ў пагадненнях рознага ўзроўню — тарыфных, рэгіянальных, калектыўных дагаворах. Так, на шэрагу прадпрыемстваў розных галін калектыўнымі дагаворамі гарантуецца залік у стаж работы ў арганізацыі часу навучання па прафесіі работніка, а таксама перыяду тэрміновай ваеннай службы, аказваецца істотная матэрыяльная падтрымка. Напрыклад, на адным з машынабудаўнічых флагманаў краіны работнікам, якія вярнуліся на прадпрыемства пасля службы і заключылі кантракт на максімальны тэрмін, выплачваецца аднаразовая ўзнагарода ў памеры 5000 рублёў.

Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: БелТА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю