Top.Mail.Ru

У французскіх пратэстах ёсць і эканамічныя прычыны. І яны, бадай, вызначальныя

Чарговы раз Францыя ахоплена бунтамі. Цяпер на вуліцу выйшлі абураныя ліцэісты, студэнты, выкладчыкі, а таксама пратэст усё шчыльней абрастае тымі, хто спачувае. Справа не толькі ў дэфіцыце настаўнікаў, старых будынках і ўзрослай плаце за веды. У цэлым французская сацыяльна-эканамічная мадэль падаецца вельмі няўстойлівай. І ўжо Bloomberg называе гэту краіну слабым звяном Еўропы. Хоць складана сказаць, дзе ў ЕС моцныя элементы эканамічнага ланцуга?! Бо высокі ўзровень жыцця ў заходняй частцы саюза забяспечваўся доўгія дзесяцігоддзі за кошт нарошчвання дзяржаўнага доўгу, які ўжо зусім адарваўся ад эканамічных крытэрыяў. Бюджэт не можа забяспечваць ранейшых сацыяльных гарантый, а эканоміка не можа даць людзям заробак, які адпавядае іх запытам. Вынік — палітычны крызіс, які лавай бурліць унутры Еўрасаюза і ўсё часцей вырываецца вонкі маштабнымі вулічнымі акцыямі і пратэстамі.


Многія эксперты лаюць за эканамічны і палітычны крызіс Эмануэля Макрона. Але гэта не да канца аб’ектыўна. Так, ён павялічваў дзяржаўныя выдаткі, яму даводзілася ісці на повадзе ў апазіцыі і адмяняць (ці не ўводзіць) непапулярныя меры, ён так і не змог скараціць бюджэтныя выдаткі, хоць шчыра спрабаваў... Аднак, па сутнасці, дзейны прэзідэнт Францыі толькі працягнуў традыцыю раскручвання спіралі бюджэтных выдаткаў і росту дзяржаўнага доўгу — працэсы цесна ўзаемазвязаныя.

Пабудовай грамадства ўсеагульнага дабрабыту заходняя Еўропа захапілася яшчэ гадоў пяцьдзясят таму. Блізкасць да сацыялістычнага лагера стала не апошнім фактарам у такой палітыцы. Аддзеленыя ад ідэалагічнага праціўніка акіянам, ЗША маглі больш якасна адгарадзіцца ад іншых ідэалагічных канструкцый. У Еўропу нават праз жалезную заслону пранікалі левыя канцэпцыі, якія набывалі палітычную вагу. З другога боку, Еўропа канца мінулага стагоддзя ўступала ў канкурэнцыю са Штатамі за эканамічнае і палітычнае дамінаванне ў свеце, таму старанна стварала вобраз зямлі абетаванай у процівагу цалкам прагматычнай ідыялагеме амерыканскай мары. На геапалітычны і геаэканамічны вектары шчодра выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі. З сярэдзіны 1970-х гадоў практычна не было перыядаў, калі б у Францыі быў збалансаваны бюджэт. Да ўлады прыходзілі палітыкі з рознымі поглядамі, ідэямі, планамі рэформ. Але калі не ўсе, то многія іх пачынанні разбіваліся аб грамадскую думку, якая патрабавала больш сацыялізму, не заўсёды задумваючыся пра эканамічныя аспекты і рэальныя магчымасці дзяржавы.


Эмануэль Макрон, дарэчы, таксама заехаў у Елісейскі палац з жаданнем правесці эканамічныя рэформы. Тады ён знізіў падаткі для бізнесу, змякчыў працоўнае заканадаўства. У пачатку яго першага прэзідэнцкага тэрміну эканоміка расла на 2 % у год, зніжалася беспрацоўе, скарачаўся дэфіцыт бюджэту. Але гэтыя ініцыятывы не знаходзілі глыбокага водгуку сярод грамадзян. І трыгерам стала насамрэч нязначная падзея: павышэнне на некалькі працэнтаў акцызу на паліва. З пункту гледжання эканамічнага, дзеянне зусім не эпахальнае. Але яно запаліла тлеючы сацыяльны пратэст і спарадзіла рух «жоўтых камізэлек». І ўсе рэформы разбіліся аб процідзеянне мас. А потым яшчэ і ковід здарыўся...

У выніку французскім уладам прыйшлося вярнуцца да традыцыі залагоджвання соцыуму. Многія рэформы згарнулі, падаткі на бізнес вярнулі, што ўдарыла па інвестыцыйным клімаце і эканамічных паказчыках. Каб пазбегнуць палітычных хваляванняў, меры падтрымкі падчас пандэміі выкарыстоўвалі неапраўдана доўга, патраціўшы на іх 190 мільярдаў еўра дадаткова з бюджэту за 2020-2022 гады. Яшчэ 72 мільярды еўра непрадбачаных выдаткаў «забраў» паліўны крызіс. У выніку дэфіцыт бюджэту ўвайшоў у свае звыклыя рамкі — 3-5 % ад ВУП у гадавым вылічэнні, а дзяржаўны доўг набліжаецца да 120 %. 

Інвестары адрэагавалі на такую сумнеўную стабільнасць і паступова распрадаюць французскія актывы, лічачы іх ужо не самымі надзейнымі. Цана запазычанняў, а без гэтага наркотыку дзяржаўныя фінансы ўжо не могуць абысціся, пастаянна павышаецца. Але нават пры празмерных выдатках сацыяльная інфраструктура не задавальняе грамадзян. Адсюль і выступленні навучэнскай моладзі. Прычым эканамічныя патрабаванні ў сучаснай Францыі хутка трансфармуюцца ў палітычныя.


Балазе, што ёсць ультраправыя і ўльтралевыя палітыкі-папулісты, якія абяцаюць хмары развесці рукамі: і пенсіённы ўзрост знізіць, і адукацыю зрабіць больш якаснай, і іншыя плюшкі шчодра «выдаюць» электарату. Праўда, без тлумачэнняў, хто будзе плаціць за гэты дабрабыт?! Таму справа не ў Макроне ці дзейным урадзе. Еўрапейская мадэль увогуле ўстарэлая і некалькі струхлелая. І ўжо ні ў каго не выклікае ні захаплення, ні павагі, ні нават хоць бы мінімальнага пазітыўнага ўспрымання. Прычым незадаволеныя ўсе: бедныя і багатыя, наёмныя працаўнікі і прадпрымальнікі. Практычна ва ўсіх краінах так званага «старога» ЕС дзяржаўны доўг дасягнуў неймаверных памераў, падбіраючыся ці нават перавышаючы ўзровень 100 % ад ВУП. Запас трываласці па яго нарошчванні практычна вычарпаны. Але скарачэнне бюджэтнага дэфіцыту заўсёды небяспечнае палітычнымі наступствамі: пройгрышам на выбарах або зменай урада пад ціскам вулічных пратэстаў.

Сацыяльна-эканамічны крызіс у Еўропе становіцца самаўзнаўляльным. Каб яго пераадолець, неабходныя рэформы. А рэформы натыкаюцца на народную незадаволенасць. Аднак без трансфармацыі эканомікі дзяржава ўсеагульнага дабрабыту немагчымая. І яна становіцца ўсё больш ілюзорнай. І самае небяспечнае для Заходняй Еўропы — адсутнасць палітычных сіл, якія маглі б кансалідаваць грамадства і знайсці выйсце з крызісу.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю