Чатыры тысячы французскіх акцёраў і дзеячаў кіно падпісалі адкрыты ліст з заклікам узмацніць жорсткасць заканадаўства ў дачыненні да штучнага інтэлекту (ШІ), каб абмежаваць выкарыстанне кампаніямі чужых галасоў і вобразаў. Тэкст ліста апублікавала на сваім сайце газета Le Parisien, паведамляе ТАСС.
«Не праходзіць і тыдня, каб які-небудзь артыст не папярэджваў аб жорсткай канкурэнцыі, якую ШІ стварае для яго работы. Кланіраванне галасоў акцёраў і актрыс без іх дазволу становіцца паўсюднай з’явай», — гаворыцца ў тэксце звароту.
Аўтары ліста паведамляюць, што артысты ўсё часцей атрымліваюць прапановы аб выкарыстанні іх вобраза ў рэкламных роліках, створаных ШІ, замест рэальных здымак, і ганарар за такую працу прыкметна ніжэйшы. Яны звяртаюць увагу на тое, што падобныя прапановы паступаюць не толькі праслаўленым зоркам, але і «сотням менш вядомых артыстаў», якія не заўсёды могуць сабе дазволіць адмовіцца і «саступаюць свае правы штучнаму інтэлекту, нягледзячы на рызыку для свайго іміджу і будучыні». Апроч фінансавага аспекта дзеячаў культуры турбуе і «сама сутнасць творчасці».
«Неабходна тэрмінова стварыць прававую базу, каб ШІ мог суіснаваць з творчасцю артыстаў і выкананнем аўтарскіх і сумежных правоў. Мы заклікаем усіх палітыкаў неадкладна заняцца пытаннем захавання правоў артыстаў ва ўмовах гэтай нерэгулюемай інавацыі. Заклікаем да прыняцця амбіцыйнага заканадаўства, якое дазволіць Францыі перайсці да лічбавай эры, не ахвяруючы ні сваёй культурнай спадчынай, ні выканаўцамі, якія яе ўвасабляюць», — гаворыцца ў заключнай частцы звароту.