Top.Mail.Ru

У Фрунзенскім раёне Мінска адкрылі алею ганаровых жыхароў

Цяпер у сталічным парку «Дзівівелка» ёсць свая Алея славы. Гэта месца памяці, павагі і ўдзячнасці людзям, чые імёны ўпісаны ў гісторыю Фрунзенскага раёна і краіны. На тэрыторыі парку размясціліся інфармацыйныя стэнды з біяграфіямі 24 знакамітых гараджан.



Развіццё раёна — у руках жыхароў

Для жыхароў раёна Алея славы — гэта сімвал пераемнасці і ўдзячнасці пакаленняў. З 2008 года, калі было зацверджана Палажэнне аб ганаровым жыхары Фрунзенскага раёна, гэтага звання ўдастоены 24 чалавекі — тыя, хто праявіў мужнасць і гераізм, аддаў жыццё пры нясенні службы або дасягнуў высокіх прафесійных поспехаў. 

Ініцыятыва стварэння алеі нарадзілася ў актывістаў РГА «Белая Русь».

Праект рэалізаваны пры падтрымцы Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па ініцыятыве жыхароў мікрараёна Сухарава-6 і актывістаў Фрунзенскай раённай арганізацыі «Белая Русь». Як расказала жыхарка акругі Настасся Кімстач, гісторыя стварэння алеі пачалася са звычайнага дамашняга задання. «Ідэя прыйшла ад майго сына, якому задалі дамашняе заданне расказаць пра ганаровага жыхара раёна Леаніда Скрыпнікава, — расказвае Настасся Кімстач. — І тады мы задумаліся: чые яшчэ імёны годныя вялікай пашаны і глыбокай павагі? Гуляючы па нашаму парку, паставілі з дзіцем мэту: што як грамадзяне і жыхары свайго раёна можам унесці ў яго развіццё? Чаму б не стварыць алею ў гонар тых людзей, якім сёння павінны быць удзячныя», — падзялілася ініцыятар.


Старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран нагадаў, што традыцыі ўшанавання ганаровых жыхароў амаль 20 гадоў. «Гэты праект вырас у вялікі патрыятычны рух, які арыентуем перш за ўсё на навучэнцаў, на маладых жыхароў раёна. У кожнай установе адукацыі ёсць стэнд з інфармацыяй пра ганаровых жыхароў раёна. Цяпер мы выйшлі ўжо на гарадскую прастору, якая таксама будзе гаварыць пра тое, што самы галоўны чалавек у нашым раёне, у горадзе Мінску, у нашай краіне — гэта чалавек працы».

Кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Арцём Шэгідзевіч адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці: «Як цудоўна мы сёння жывём, як добра нашым дзецям і людзям, якія кожны дзень сваёй працай робяць нешта важнае на карысць раёна, горада і краіны. Але самае важнае, што мы памятаем і шануем тых людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у тое, каб сёння мы з вамі знаходзіліся пад гэтым мірным небам».

Дэпутат Мінгарсавета Вікторыя Грынкевіч нагадала, што алея адкрываецца, калі Фрунзенскаму раёну адзначаецца 75-годдзе: «Словы ўдзячнасці перш за ўсё жыхарам нашай акругі, якія выступілі з гэтай ініцыятывай, Фрунзенскай раённай арганізацыі „Белая Русь“ і кіраўніцтву раёна, якія падтрымалі і дапамагалі на кожным этапе. Нашымі агульнымі намаганнямі папрыгажэў парк, мы будзем і далей ствараць, будаваць і паляпшаць наш раён».


Асаблівае месца на алеі займае стэнд, які расказвае пра Аляксандра Далідовіча — адзінага ў Беларусі кавалера чатырох ордэнаў Славы. Вось што расказаў яго пляменнік, Генадзь Далідовіч: «Дзядзька быў вельмі сумленным і мужным чалавекам, — успамінае ён. — Наведваў школу за 20 кіламетраў ад дому. Да вайны скончыў Пухавіцкі сельгастэхнікум, працаваў бухгалтарам. У яго былі не толькі чатыры ордэны Славы, але і іншыя ўзнагароды. Ён чатыры разы быў паранены...»

Новая алея ў парку «Дзівівелка» стала не проста чарговым аб’ектам гарадской інфраструктуры, а месцам сілы і памяці. Тут кожны можа спыніцца, прачытаць біяграфію героя і задумацца пра тое, што сапраўдныя каштоўнасці — праца, мужнасць і любоў да сваёй зямлі — не маюць тэрміну даўнасці.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю