Top.Mail.Ru

У Фучжоу праходзіць Форум па супрацоўніцтве СМІ

У горадзе Фучжоу, сталіцы кітайскай правінцыі Фуцзянь, адкрыўся прадстаўнічы Форум па супрацоўніцтве СМІ «Адзін пояс, адзін шлях».

Мерапрыемства стала традыцыйным — з мэтай садзейнічання супрацоўніцтву ў галіне СМІ і наладжвання сувязяў яго арганізуе найбуйнейшае медыя Кітая і адно з найбуйнейшых у свеце — «Жэньмінь жыбаа». Форум ператварыўся ў высакакласную платформу для дыялогу і зносін для палітыкаў, медыяэкспертаў, аналітыкаў, прадпрымальнікаў і вучоных.

Сёлетняя лакацыя была абрана зусім невыпадкова — правінцыя Фуцзянь афіцыйна аб’яўлена Кітаем ключавым стратэгічным вузлом марскога Шаўковага шляху XXI стагоддзя ў рамках глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Яна выступае найважнейшай базай для лагістыкі, марскіх перавозак і гандлю з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Афрыкі.

Запушчаная ў Фуцзяні лагістычная платформа «Шаўковы шлях — Марскія зносіны» (Silk Road Maritime) аб’ядноўвае дзясяткі партоў Кітая з міжнароднымі маршрутамі па ўсім свеце. Гэтыя мясціны маюць гістарычнае значэнне — гарады Фуцзяні (такія як Цюаньчжоу і Уішань) гістарычна былі адпраўнымі пунктамі марскога і чайнага шляхоў, што выразна падкрэслівае трывалую аснову сучаснай стратэгіі Кітая.

Фучжоу з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам правінцыі Фуцзянь і горадам дзяржаўнага гісторыка-культурнага значэння. Яго гісторыя налічвае больш за 2200 гадоў. Сёння тут актыўна развіваюцца восем ключавых галін эканомікі, сфарміраваны шэсць прамысловых кластараў і чатыры індустрыяльныя паркі з аб’ёмам вытворчасці звыш 100 мільярдаў юаняў кожны. У спіс 500 найбуйнейшых прыватных прадпрыемстваў Кітая ўваходзяць 11 кампаній з Фучжоу.


У рамках медыяфоруму «Адзін пояс, адзін шлях» будзе праведзена серыя інтэрактыўных сесій, якія прысвечаны розным тэмам, сярод якіх — роля СМІ ў зменлівым міжнародным ландшафце, магчымасці і праблемы медыя ў эпоху штучнага інтэлекту, рэгіянальнае супрацоўніцтва і глабальная камунікацыя.

Як вядома, 7 верасня 2013 года Старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас візіту ў Казахстан выступіў з ініцыятывай сумесна сфарміраваць «Эканамічны пояс Шаўковага шляху», які будзе ўключаць пяць канкрэтных галін: умацаванне палітычнай каардынацыі, будаўніцтва адзінай дарожнай сеткі, гандлёвых адносін, валютных патокаў, сувязяў з грамадскасцю і сяброўскіх кантактаў. Гэта адпраўны пункт у развіцці найбуйнейшага сучаснага глабальнага праекта. 

У кастрычніку 2013 года Старшыня КНР Сі Цзіньпін агучыў у сталіцы Інданезіі Джакарце праект «Марскі шаўковы шлях XXI стагоддзя». А ў сакавіку 2015 года Эканамічны пояс Шаўковага шляху і марскі Шаўковы шлях XXI стагоддзя былі аб’яднаны ў адзіную ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях» («Пояс і Шлях»), якая з часам трансфармавалася ў маштабны глабальны праект.

Унікальная ініцыятыва фактычна аб’яднала ўсю планету — звыш 150 краін свету. У яе рамках рэалізаваны тысячы знакавых праектаў, якія дазволілі прыкметна палепшыць дабрабыт людзей, звязаўшы кантыненты гандлёвымі маршрутамі і мастамі дружбы. 

Беларусь адной з першых далучылася да «Аднаго пояса, аднаго шляху». Як адзначыў раней міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, гэтая ініцыятыва — адзін з ключавых элементаў сумеснага будаўніцтва глабальнай цывілізацыі. Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк стаў адным з яскравых прыкладаў практычнага супрацоўніцтва дзвюх краін у рамках «Поясу і шляху». Насамрэч знакавай падзеяй стала наведванне пляцоўкі будучага парка Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам 12 мая 2015 года. Лідары дзвюх дзяржаў азнаёміліся з планамі будаўніцтва, засведчылі рэгістрацыю першых рэзідэнтаў. Сі Цзіньпін назваў «Вялікі камень» «жамчужынай» Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і ўзорным праектам кітайска-беларускага супрацоўніцтва, што стала брэндам для парка. «Вялікі камень» сёння — гэта міжнародная інвестыцыйная і вытворчая пляцоўка, якая дынамічна развіваецца і аб’ядноўвае 180 рэзідэнтаў з аб’ёмам інвестыцый амаль $2 млрд і планамі па стварэнні больш як 16 тысяч новых працоўных месцаў.

Як вядома, 31 жніўня 2015 года была падпісана ключавая Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». Натуральна, гэты напрамак знайшоў сваё адлюстраванне і ў стратэгіі развіцця «Звязды». 22 верасня 2015 года ў Пекіне ў рамках Форуму медыясупрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях», у якім бралі ўдзел 170 прадстаўнікоў СМІ з 60 краін усіх кантынентаў, быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве «Звязды» з адным з вядучых у сусветнай медыяпрасторы і самым уплывовым выданнем Кітаі — газетай «Жэньмінь жыбаа». 

Гэтая падзея стала стымулам для далейшага пашырэння супрацоўніцтва. На інтэрнэт-партале zviazda.by у кастрычніку 2015 года быў запушчаны ўнікальны глабальны праект «Весткі з Кітая», кантэнт якога пераважна фарміруецца матэрыяламі ўплывовых кітайскіх выданняў і інфармагенцтваў, у першую чаргу — «Жэньмінь жыбаа». У верасні 2016 года на партале russian.people.com.cn з’явіўся тэматычны банэр «Весткі з Беларусі. ЗВЯЗДА». Узаемадзеянне ажыццяўляецца і на платформе інфармацыйнай сеткі «Адзін пояс, адзін шлях» (The Belt and Road News Network — BRNN), яна аб’ядноўвае больш за 200 СМІ з розных краін. Членам BRNN «Звязда» з’яўляецца з моманту яе стварэння.

Так што наш удзел у форуме ў Фучжоу — лагічны працяг шматгадовага супрацоўніцтва ў кантэксце «Поясу і шляху». Як адзначаецца ў Фучжоускай ініцыятыве, агучанай на глабальным мерапрыемстве, медыя павінны наводзіць масты паразумення і ўзаемнага даверу, каб праблемы вырашаліся разам і дасягаўся агульны росквіт. Пагадзіцеся, высакародная мэта, для дасягнення якой варта прыкласці ўсе намаганні. Што мы, уласна, і робім.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фучжоу

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю