Top.Mail.Ru

У гады акупацыі ў Трасцянцы загінула не менш як 546 тысяч чалавек. Адкуль узялася гэта лічба?

Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якое вядзецца Генеральнай пракуратурай ужо на працягу пяці гадоў, раскрывае новыя факты злачыннай дзейнасці фашыстаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакументальна даказана: маштабы трагедыі, якая ў 1941 — 1944 гадах адбылася на беларускай зямлі, значна большыя, чым лічылася дагэтуль. Да нядаўняга часу было вядома, што гітлераўцы, а таксама іх памагатыя цалкам і часткова знішчылі 9200 населеных пунктаў. У ходзе расследавання ўстаноўлена не менш як 12 868 спаленых вёсак, у тым ліку 104 новыя. Згодна з актуальнымі данымі, у гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі было праведзена не менш як 187 буйных карных аперацый, дзейнічала 578 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва.


Самым буйным фашысцкім лагерам смерці ў гады Другой сусветнай вайны як на тэрыторыі Беларусі, так і ўсяго Савецкага Саюза з’яўляўся Трасцянец. Некалькі дзесяцігоддзяў пасля вайны лічылася, што ў лагеры смерці загінула 206,5 тысячы чалавек. Аднак дзякуючы расследаванню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа Генеральнай пракуратурай устаноўлена, што колькасць ахвяр Трасцянца ўдвая большая — па апошніх звестках, недалёка ад Мінска ў выніку зверскіх учынкаў злачынцаў загінула не менш як 546 тысяч чалавек. Цяпер гэта не чацвёрты, як было да нядаўняга часу, а трэці лагер смерці ў свеце па колькасці ахвяр пасля Асвенцыма і Трэблінкі.

Адкуль узялася гэта лічба — не менш як 546 тысяч ахвяр Трасцянца, — карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік кіраўніка следчай групы Генеральнай пракуратуры па крымінальнай справе аб генацыдзе Сяргей ШЫКУНЕЦ.

Па слядах злачынства

Здзейсненыя акупантамі і іх памагатымі ў Трасцянцы злачынствы зафіксаваны ў трох асноўных афіцыйных дакументах, якія захоўваюцца ў архівах Расійскай Федэрацыі. Гэта акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ад 25 ліпеня 1944 года і 13 жніўня 1944 года, а таксама даведка, якая датуецца 25 жніўнем 1945 года. Копіі гэтых дакументаў былі перададзены на вывучэнне ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Праведзены скрупулёзны аналіз, у выніку чаго зроблены адпаведныя высновы.

Першы акт Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ад 25 ліпеня 1944 года быў складзены на падставе непасрэднага агляду месцаў масавага злачынства. «14 ліпеня 1944 года камісія на чале са следчым знаходзілася на месцах злачынства, — адзначыў Сяргей Шыкунец. — Былі агледжаны ўсе ўчасткі комплексу канцлагера, якіх, важна ведаць, было тры: калгасны хлеў у Малым Трасцянцы, дзе спальвалі людзей, крэмацыйная печ у лясным масіве Шашкоўка і 34 ямы-магілы на тэрыторыі ўрочышча Благаўшчына, дзе людзей расстрэльвалі. Убачанае было запратакаліравана. Праз тры дні пасля гэтага, як сведчаць архіўныя дакументы, судова-медыцынскім экспертам Навумовічам сумесна з ваенным следчым Сямёнавым, а таксама старшынёй лячэбнай камісіі Стэльмашонкам быў праведзены паўторны агляд трох вышэйназваных участкаў канцлагера, аб чым былі складзены і падпісаны тры найпадрабязнейшыя акты судова-медыцынскага агляду».

Чалавечы попел і косці нацысты рассыпалі па палях

Згодна з высновамі першага акта судова-медыцынскага агляду ад 17 ліпеня 1944 года, было ўстаноўлена, што ў хляве і вакол яго ў вёсцы Малы Трасцянец загінула не менш як 3 тысячы грамадзян. «Разлічыць колькасць ахвяр следчай групе дапамагла плошча хлява, а таксама выведзеная практычным спосабам адразу на месцы здарэння формула аб колькасці трупаў на 20 квадратных метраў, — растлумачыў Сяргей Шыкунец. — Для дасягнення максімальнага і хуткага эфекту фашысты, спальваючы целы, папярэдне перакладвалі іх бярвёнамі. Паўабгарэлыя трупы, у тым ліку 
дзіцячыя, якія ляжалі на бярвёнах, былі выяўлены пры аглядзе».

Дадатковы агляд крэмацыйнай печы ў мястэчку Шашкоўка, праведзены 17 ліпеня 1944 года, пацвярджаў, што ў печы было спалена не менш як 70 тысяч чалавек. Аб тым, што ў Шашкоўку была прывезена вялікая колькасць ахвяр, пацвярджаюць і ўспаміны апытаных тады ж людзей, якія захоўваюцца ў архівах. Зроблена выснова, што расстрэлы, мяркуючы па вялізнай колькасці стрэляных гільзаў, ажыццяўляліся каля ўваходу ў печ і ў самой печы. Асобныя групы няшчасных узрывалі гранатамі, фрагменты якіх таксама былі знойдзены ўнутры і звонку печы. Каля ўвахода ў печ і каля сцен печы былі выяўлены абгарэлыя рэшткі адзення і дробных рэчаў загінулых: жаночыя кофтачкі, дзіцячыя шкарпэткі, гузікі, пудраніцы... Па ўсёй бачнасці ахвяр распраналі перад пакараннем смерцю. Тут жа знаходзілася вялікая скрыня, куды збіралі чалавечы попел. Чалавечы попел і косці з печы нацысты рассыпалі па навакольных палях...

Трэці дадатковы агляд прадугледжваў агляд 34 ям-магіл ва ўрочышчы Благаўшчына. Кожная яма-магіла, згодна з дакументам, была агледжана, памеры ўсіх месцаў пахавання былі зафіксаваныя.

«Мяркуючы па іх колькасці, памерах, слаях попелу, касцей, а таксама дадзеных гэтага матэрыялу ў былым лесе Благаўшчына пахавана не менш як 500 тысяч грамадзян», — канстатуецца ў дадатковым пратаколе агляду месца злачынства.

Яшчэ адна цытата з гэтага дакумента: «У траншэі № 3 на глыбіні 0,5 метра ідзе слой у 1 метр попелу з абгарэлымі дробнымі касцямі. У гэтай жа траншэі на глыбіні 2 метраў ляжыць мноства раскладзеных чалавечых трупаў, ад якіх раздаецца смуродны пах. Там жа ляжыць некалькі абпаленых хвойных дрэў і галіны хворасту. Абгарэлыя тры кашалькі, аправа ад акуляраў».

Нацысты спрабавалі схаваць свае злачынствы, таму ўскрывалі ўсе ямы-магілы, даставалі целы, перакладвалі яму бярвёнамі, што ўзмацняла эфект гарэння, трупы спальвалі. Метад, якім карысталіся пры падліках загінулых у гэтым месцы, — падлік колькасці чалавек, чый попел у перамешку з зямлёй змяшчаўся ў кубе зямлі.

Усе пратаколы агляду і акты судова-медыцынскіх аглядаў падпісаны. Прыкладаюцца малюнкі, якія з’яўляюцца неад’емным элементам агляду месца здарэння. У Акце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ад 25 ліпеня 1944 года, што быў складзены на падставе агляду следчага і іншых асоб, якія працавалі на месцы здарэння, была зроблена выснова аб 546 тысячах загінулых у Трасцянцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выснова зроблена выключна з апісаных вышэй вынікаў аглядаў.

«Падстаў сумнявацца ў аб’ектыўнасці і сапраўднасці высноў службовых асоб, якія, валодаючы спецыяльнымі ведамі, прысутнічалі на месцы здарэння, праводзілі іх дэталёвыя агляды і тройчы пацвердзілі сваю пазіцыю аб колькасці, няма, — звярнуў увагу Сяргей Шыкунец. — У надрукаванай версіі ліпеньскага акта ёсць першапачатковы рукапісны варыянт. Ён падпісаны тымі ж людзьмі, змяшчае аналагічныя высновы. Праўкі тых, хто яго падпісваў, яскрава сведчаць аб тым, што людзі чыталі акт і цалкам падтрымлівалі яго высновы».

Інфармацыя аб ахвярах у Шашкоўцы ў даведцы адсутнічае

Другі Акт Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ад 13 жніўня 1944 года, а таксама даведка ад 25 жніўня 1945 года з’яўляюцца вытворнымі ад першага акта. Пры гэтым названыя ў іх звесткі адрозніваюцца ад лічбаў першага акта, яны нічым не абгрунтаваныя.

У акце ад 13 жніўня 1944 проста канстатуецца, што ў Благаўшчыне загінула не менш як 150 тысяч чалавек, у хляве ў вёсцы Малы Трасцянец не менш як 6,5 тысячы чалавек. Пра ахвяр, якія былі ва ўрочышчы Шашкоўка, у гэтым дакуменце ўвогуле размова не вядзецца. Другі акт быў складзены ў адсутнасці следчага.

Аднак ні адна (546 тысяч), ні другая (156,5 тысячы) лічбы ніколі дагэтуль у гісторыі, звязанай з трагедыяй у Трасцянцы, не фігурыравалі. Усюды давалася трэцяя лічба — 206,5 тысячы загінулых. Яна з’явілася ў даведцы, складзенай 25 жніўня 1945 года. Адкуль была ўзята гэта лічба, у Генпракуратуры адказаць не могуць. У ведамстве схіляюцца да таго, што найбольш аб’ектыўным з’яўляецца першы Акт Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ад 25 ліпеня 1944 года, складзены ў выніку падрабязнага аналізу аглядаў месцаў злачынства.

«Аб’ектыўнасць гэтага дакумента з улікам прымененых падыходаў сумненняў не выклікае, — адзначыў намеснік кіраўніка следчай групы Генеральнай пракуратуры па крымінальнай справе аб генацыдзе. — Аналізуючы ў сукупнасці ўсе доказы ў рамках сучаснага заканадаўства (следчы быў на месцы, ажыццяўляў падлікі, памеры, пратакаліраваў убачанае), падстаў не давяраць следчаму і спецыялістам у галіне медыцыны няма».

Пытанне аб дакладнай лічбе загінулых у Трасцянцы было вынесена на разгляд часовай міжведамаснай групы, створанай па распараджэнні Прэм’ер-міністра для вывучэння і гістарычнага абгрунтавання вынікаў расследавання Генпракуратуры. Вядучыя ваенныя гісторыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, іншыя кампетэнтныя асобы адзінагалосна падтрымалі высновы Генеральнай пракуратуры аб тым, што ў Трасцянцы загінула не менш як 546 тысяч чалавек.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю