Спаборніцтва «Ні кроку назад», у якім сёлета прымаюць удзел прадстаўнікі спецыяльных падраздзяленняў з Азербайджана, Беларусі, В’етнама, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана, наша краіна праводзіць шосты раз. Мерапрыемства арганізавана такім чынам, каб ва ўдзельнікаў была магчымасць не толькі прыняць у ім удзел, але і пагутарыць з калегамі, абмяняцца досведам, а таксама пазнаёміцца з прыгажосцю Беларусі.
«Турнір — гэта не проста спаборніцтва на трапнасць і хуткасць, а важная падзея, якая ўмацоўвае давер і паразуменне паміж народамі і ведамствамі, — адзначыў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ. — Тут, на палігоне, закладваецца падмурак для далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння ў барацьбе з агульнымі выклікамі і пагрозамі. Падобнае мерапрыемства яскрава дэманструе высокі ўзровень супрацоўніцтва і гатоўнасць да сумеснай працы».
З кожным годам спаборніцтва прымае ўсё больш каманд. На гэты раз іх 25. Пры гэтым кожны год у якасці назіральнікаў на турнір прыязджаюць госці з-за мяжы, каб наступным разам ужо накіраваць свае дружыны. Сёлета ў якасці назіральнікаў на мерапрыемства прыбылі праваахоўнікі з ААЭ, якія зацікаўлены ў падрыхтоўцы асабовага складу. Яны ведаюць, што ў Беларусі гэтым пытанням надаецца асаблівая ўвага.
Удзельнікам турніру кіраўнік міліцэйскага ведамства пажадаў упэўненасці ў сваіх сілах, дакладнасці і ўдачы. «Няхай кожны з вас адчуе сябе часткай адной вялікай і дружнай сям’і прафесіяналаў, для якіх няма межаў, калі гаворка ідзе пра ўзаемную павагу і агульную справу, — сказаў Іван Кубракоў. — Упэўнены, што спаборніцтвы дапамогуць яшчэ больш умацаваць ваш вопыт і выратаваць не адно чалавечае жыццё».
Сімвалічна, што незабыўныя імгненні са старэйшымі таварышамі падзялілі прадстаўнікі падрастаючага пакалення праваахоўнікаў — выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Арляты. Спадчыннікі Перамогі!»
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС