Top.Mail.Ru

У гасцях у слуцкага Лесавіка і «Басаногая сцежка». Якія экамаршруты прапануюць у Мінскай вобласці

Якія незвычайныя экалагічныя маршруты ёсць у Мінскай вобласці, расказала ў прэс-цэнтры БелТА намесніца старшыні камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама Валянціна Асадчык.

«Мінская вобласць валодае ўнікальным прыродным патэнцыялам і з’яўляецца пунктам прыцягнення для знатакоў прыроды і актыўнага адпачынку. Сёння экалагічны турызм уяўляе сабой не проста моду, а свядомы выбар сучаснага турыста. Важна не толькі ствараць новыя маршруты, але і фарміраваць турыстычную інфраструктуру такім чынам, каб павялічваць працягласць знаходжання гасцей у рэгіёне», — лічыць Валянціна Асадчык.

Мінская вобласць багатая і ляснымі масівамі, і азёрамі, і рэкамі, а таксама асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі: Нацыянальным паркам «Нарачанскі», заказнікамі «Сялява» і «Налібоцкі», а таксама часткай Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

У Лагойскім раёне турыстам прапануюць наведаць экалагічны маршрут «Басаногая сцежка» ў Сілічах. У 2025 годзе адкрыты новы маршрут «Паграбішчанскія крыніцы» — экалагічная сцежка, арыентаваная на наведвальнікаў возера Макоўза. У Бярэзінскім раёне ёсць аграэкалагічны маршрут, які ўключае наведванне комплексу ў вёсцы Вязычын і аграсядзібы ў вёсцы Снуя. Маршрут «Водны паход выхаднога дня» прапануе наведванне аграсядзіб і урочышча Кар’ер. У Слуцкім раёне прапануюць экасцежку «Радзівілаўская» працягласцю 2,5 км і веламаршрут «У гасцях у Слуцкага Лесавіка».

У Пухавіцкім раёне завяршаецца добраўпарадкаванне экалагічнай сцежкі «Залескі кут» (800 м). Тут прапануюцца экскурсіі па экапарку, наведванне вераўчанага парку, месцы для размяшчэння палатак, сплавы на байдарках па мясцовых рэках. У Барысаўскім раёне знаходзіцца 12 экамаршрутаў. Адзін з самых папулярных — эколага-гістарычны маршрут «Нашчадкі па слядах вайны 1812 года».

Валянціна Асадчык паведаміла, што ў Мінскай вобласці ўжо створана больш за 150 турыстычних маршрутаў, у стадыі распрацоўкі знаходзяцца яшчэ 19. «Развіццё турыстычнай інфраструктуры застаецца прыярытэтам: у пералік інвестыцыйных праектаў „Турыстычны патэнцыял“ уключаны 24 праекты агульным коштам звыш 200 млн рублёў са стварэннем больш за 450 рабочых месцаў. Рэалізацыя гэтых праектаў дасць імпульс развіццю турызму, перш за ўсё за кошт стварэння месцаў размяшчэння і спадарожнай інфраструктуры. Найбольшая колькасць праектаў засяроджана ў Мінскім раёне, што звязана з блізкасцю да сталіцы і папулярнасцю пляцовак ля Мінскага мора. Актыўная рэалізацыя праектаў таксама чакаецца ў Мядзельскім, Лагойскім і Нясвіжскім раёнах, якія разглядаюцца як ключавыя цэнтры рэкрэацыі. Асноўная накіраванасць праектаў — стварэнне гасцінічных комплексаў і месцаў размяшчэння, у асобных раёнах плануецца развіццё прыдарожнага сэрвісу», — расказала яна.

Развіццё экалагічнага турызму ў Мінскай вобласці грунтуецца на багатым прыродным фондзе і пастаянным росце колькасці маршрутаў. Для павелічэння працягласці знаходжання турыстаў і забеспячэння ўстойлівага росту галіны неабходныя далейшае стварэнне і мадэрнізацыя турыстычнай інфраструктуры, прасоўванне новых формаў маршрутаў і прыцягненне інвестыцый у рэгіянальныя праекты.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю