Top.Mail.Ru

У Генпракуратуры расказалі пра дэмаграфічныя страты ад генацыду

Нас сёння магло б быць 17 мільёнаў. Такая лічба была агучана падчас семінара-практыкуму «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: гістарычная і правая ацэнка», які прайшоў у Генеральнай пракуратуры. Ён быў прымеркаваны да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў і пяцігоддзя з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.


У рамках навуковай работы, якую арганізаваў і каардынаваў НПЦ праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, праводзілася комплекснае даследаванне, у якім былі задзейнічаны прадстаўнікі навуковых арганізацый розных профіляў: гісторыкі, архівісты, эканамісты. Як заўважыў дырэктар навукова-практычнага цэнтра Ігар Мароз, атрыманыя вынікі дапамагаюць ацаніць той урон, які панесла беларуская зямля ў гады вайны, а гэта ў тым ліку і дэмаграфічныя страты: «17 мільёнаў чалавек магло б сёння пражываць на тэрыторыі Беларусі, калі б не было вайны». Такая выснова зроблена не толькі на аснове ўдакладненай лічбы ахвяр (сёння вядома, што рэспубліка страціла 3 мільёны чалавек), трэба ўлічваць і пакаленне ненароджаных, адно з наступстваў гэтага дэмаграфічнага правалу — недахоп кадраў — можа адчувацца і сёння. «Эканамічныя страты, звязаныя з дэмаграфічнымі, можна ацэньваць прыкладна ў памеры паловы валавога ўнутранага прадукту. Але гэты рахунак за вайну і за генацыд да гэтага часу аплачваем мы, а не тыя, хто гэту вайну развязаў і не тыя дзяржавы, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі плана генацыду», — заўважыў Ігар Мароз.


Кіраўнік цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Анастасія Баброва расказала, якім чынам удалося ацаніць «нябачныя» дэмаграфічныя страты. Даследчыкі прааналізавалі лічбы перапісу насельніцтва 1939 года ў сучасных межах Беларусі, паказальнікі нараджальнасці, улічылі фактары, якія аказвалі ўплыў у пасляваенны час, у тым ліку і сальда міграцыі. Між іншым, работа з лічбамі паказала, наколькі маштабнай была трагедыя для Беларусі, на нашай зямлі загінулі не толькі мужчыны, вялікія страты назіраліся ва ўсіх групах насельніцтва незалежна ад полу і ўзросту.

Методыка зацікавіла расійскіх калег як інструмент для падлікаў страт насельніцтва на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза. 

Кіраўнік следчай групы Генпракуратуры па расследаванні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа Валерый Талкачоў расказаў, што на дадзены момант устаноўлена, што на тэрыторыі нашай рэспублікі было знішчана 12 868 населеных пунктаў (з жыхарамі цалкам ці часткова), гэта лічба большая на 3,6 тысячы, чым лічылася раней. Адпаведна скарэкціраваны і лічбы, звязаныя з эканамічнымі стратамі. Так, калі ў кастрычніку 2022 года, гаворка вялася пра 2,5 трыльёна долараў, з улікам новых даных па знішчаных населеных пунктах, вывезеных культурных каштоўнасцях сёння ўжо можна гаварыць, што гэтая лічба ўрону не меншая за 6 трлн долараў.

Расследаванне працягваецца. На гэты год ужо запланавана правесці раскопкі ў 20 месцах, дзе здзяйсняліся масавыя забойствы.


Комплексныя даследаванні, звязаныя з генацыдам беларускага народа, будуць весціся і навукоўцамі. У рамках семінара было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, створаны часовы навуковы калектыў, які зможа даць прававую і гістарычную ацэнку ваенным падзеям. Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Святаслаў Кулінок, які ўзначаліў навуковую групу, адзначыў, што раней вядучыя гісторыкі і юрысты вывучалі тэму генацыду, але працавалі паралельна. Сумесная праца, увядзенне ў навуковы абарот новых дакументаў, устанаўленне новых фактаў і колькасных даных дазволіць вырашаць розныя задачы. Сярод іх — ацэнка ўрону, звязанага з генацыдам народа, пытанні выплаты рэпарацый. Таксама вынікі работы навукова-даследчай групы будуць накіроўвацца ў следчую групу для таго, каб у рамках расследавання крымінальнай справы яны маглі быць выкарыстаны для вырашэння задач правасуддзя.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю