Top.Mail.Ru

У Год беларускай жанчыны галоўная палітычная пляцоўка краіны гасцінна расчыніла дзверы для прадстаўніц прыгожага полу

«Тут усё выклікае гонар за сваю краіну»

Палац, дзе штодня пішацца гісторыя беларускай дзяржаўнасці, у рамках Дня Незалежнасці наведалі 120 прадстаўніц ГА «Беларускі саюз жанчын» з Гомельскай вобласці. 

Гэта першая экскурсія — пачатак рэспубліканскага праекта. На працягу некалькіх месяцаў у Палацы Незалежнасці пабываюць дэлегацыі БСЖ ад кожнай вобласці, кожнага раёна нашай краіны. 

— Ідэя нарадзілася ў прадстаўніц БСЖ Гомельскай вобласці, — адзначае старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская. — Падчас сустрэчы ў Доме БСЖ з прэс-сакратаром Прэзідэнта Наталляй Эйсмант яны агучылі жаданне пабываць у Палацы Незалежнасці на экскурсіі. Вы бачыце, з якім настроем прыязджаюць сюды нашы жанчыны, як для іх гэта важна, — падкрэсліла лідар жаночага руху Беларусі. — І гэта сапраўды сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны Палац Незалежнасці адкрывае свае залы для жанчын, якія — сімвал гэтага года і ў цэлым сімвал нашай незалежнай Беларусі. Вялікі дзякуй кіраўніку дзяржавы за тое, што падтрымаў гэтую ініцыятыву, якая сапраўды ішла знізу.


Пра ўнікальны праект

Палац Незалежнасці — месца прыцягнення, вельмі многія мараць трапіць сюды на экскурсію, дадала Вольга Шпілеўская. Але яшчэ больш важна, што гэта месца адкрытае, народнае. Сімвал адзінства беларусаў. 

— Сёння тут прадстаўніцы самых розных прафесій і сфер — сацыяльнай, сельскагаспадарчай, цяжкай і лёгкай прамысловасці, урачы, настаўнікі і г.д. Усе яны аб’ядналіся раёнам, вобласцю, каб убачыць усю гэтую прыгажосць і веліч. Для нас было важна, каб кожная прадстаўніца БСЖ, што робіць на сваім месцы вельмі многае для краіны, адчула сябе не проста госцяй, а членам вялікай сям’і Беларускага саюза жанчын. А яшчэ — каб яны разумелі, што Палац Незалежнасці — месца, дзе кожная з іх можа адчуць сябе як дома.

Пра нараджэнне праекта гаварыла і Наталля Эйсмант, якая правяла для гамяльчанак яркую трохгадзінную экскурсію па залах і пакоях унікальнага аб’екта:

— Сёння Палац Незалежнасці набывае жаночы твар, — адзначыла яна. — У ліку экскурсантаў напэўна ёсць тыя людзі, якія перадалі просьбу пабываць у Палацы Незалежнасці Прэзідэнту. Просьба была перададзена неадкладна, і адразу ж пачута. Кіраўнік дзяржавы не мог адмовіць нашым беларускім жанчынам. Было прынята рашэнне прыняць у Палацы Незалежнасці прадстаўніц усіх беларускіх рэгіёнаў.

— Пабываць у сэрцы палітычнага жыцця нашай краіны, безумоўна, важна для кожнай з нас, — падкрэсліла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БСЖ Людміла Сапега. — Такія экскурсіі даюць разуменне: наша краіна сапраўды вялікая, прыгожая і мірная. Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць кім ганарыцца. У нас безумоўны нацыянальны лідар — наш паважаны Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І я бачу ў вачах нашых жанчын, наколькі для іх важна і значна тут пабываць. Такія сустрэчы ў знакавых для беларусаў месцах зараджаюць кожную з нас.

— У Год жанчыны ў складзе нашай дэлегацыі — самыя актыўныя жыхаркі Гомельшчыны. І вельмі сімвалічна, што Палац мы наведваем якраз у рамках святкавання Дня Незалежнасці. Хачу перадаць словы падзякі і Наталлі Мікалаеўне Эйсмант, і нашаму Прэзідэнту за тое, што мы сёння тут. І яшчэ — за тое, што гэты год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, — сказала начальнік аддзела ідэалогіі і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Карына Курсевіч.


Пра веліч і любоў

Экскурсіі ў Палац Незалежнасці — традыцыя адносна маладая. У 2013 годзе па асабістым распараджэнні кіраўніка дзяржавы Палац адкрыты да наведвання экскурсантамі: грамадзяне нашай краіны ў складзе экскурсій бываюць тут не радзей, чым кіраўнікі дзяржаў і члены ўрадаў. 

Фота і відэаздымка не забароненыя. Традыцыйна пачатак экскурсіі — Зала ўрачыстых цырымоній: яе мы не раз бачылі па тэлевізары і ў стужках навін. Светлыя адценні, шмат святла з высокіх вокнаў, дарэчы, робяць любую фатаграфію ўдалай. Зялёная зала — месца, дзе ў 2015 годзе праходзілі перагаворы «нармандскай чацвёркі», нязменна выклікае найвялікшую цікавасць. Экскурсійны «маршрут» пракладзены ў тым ліку праз «Чырвоную залу», Залу вярыцельных грамат. Ёсць магчымасць пабываць нават у Прыёмнай Прэзідэнта. А таксама ў музеі Палаца Незалежнасці з сапраўды ўнікальнай экспазіцыяй.

— Проста мурашкі па скуры, — падзялілася намеснік старшыні раённай арганізацыі БСЖ Ельскага раёна, кіраўнік фізвыхавання ДУ «Дзіцячы сад N 5 г. Ельска» Антаніна Ляўкоўская. — Я ехала сюды ў прадчуванні, але рэальнасць перасягнула ўсе мае чаканні! Усведамляеш: ты там, дзе вырашаюцца найважнейшыя задачы сусветнага ўзроўню, праходзяць сустрэчы міжнароднага маштабу. Тут людзі нашай краіны атрымліваюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды. Перапаўняе гонар ад таго, што ўсё тут зроблена беларусамі. Разумееш, наколькі мы моцная і дружная краіна.

— Калі казаць неафіцыйна, то гэта вау! Адчуваеш сябе часткай вялікай гісторыі. Экскурсія дае магчымасць дакрануцца да самых важных падзей, прайсці тымі ж заламі, дзе працуе кіраўнік дзяржавы. І галоўнае пачуццё — несумненна, гонар. За краіну і народ, — выказвае ўражанні старшыня Рагачоўскай раённай арганізацыі БСЖ Таццяна Голубева. 

— Жаданне трапіць у Палац Незалежнасці было велізарным, — прызнаецца прадстаўніца маладзёжнага крыла БСЖ г. Петрыкава Марыя Шамра. — Для мяне гэта матывацыя працаваць лепш на сваім працоўным месцы і не забываць аб грамадскай нагрузцы. Імкнуцца зрабіць як мага больш на карысць нашай краіны і людзей.

За больш чым дзесяцігоддзе, якое Палац адкрыты для наведвання ўсімі жадаючымі, колькасць гэтых жадаючых не вычэрпваецца. За мінулы год на экскурсіі ў Палацы Незалежнасці пабывалі больш за 10 000 чалавек. Эмоцыі няпроста перадаць словамі, казалі прадстаўніцы Гомельшчыны. Але відавочна, што гэты дзень назаўжды застанецца ў памяці.

— Напэўна, пра гонар за сваю краіну вам казала кожная, у каго вы пыталіся аб уражаннях, — выказала здагадку настаўнік эстраднага вакалу дзіцячай школы мастацтваў Рагачова, «залаты голас раёна» Іна Галубцова. — Я таксама адчула тут гонар, што жыву ў такой краіне. Тое, што Палац Незалежнасці быў пабудаваны за 30 месяцаў замест запланаваных 57, уражвае. Увасобіць у жыццё настолькі маштабны праект менш чым за тры гады — гэта захапляе, асабліва калі ўлічыць «няпростыя» матэрыялы, у прыватнасці, мармур. Палац Незалежнасці нязменна і па праву называюць шэдэўрам сучаснай архітэктуры. Плюс усё тут створана не толькі рукамі беларусаў, але і з беларускіх матэрыялаў — такім было адно з ключавых патрабаванняў кіраўніка дзяржавы. Але я хачу сказаць нават не пра гонар, а пра любоў. Я вельмі люблю Беларусь, я патрыётка. І ў гэтых сценах адчуваю вялікую любоў да нашай краіны, да нашага таленавітага народа.


Пра падарункі і прыметы

Палац Незалежнасці — не толькі палітычны, але і культурны цэнтр: у яго экспазіцыі вельмі многае, што створана геніяльнымі майстрамі Беларусі. Выдатныя карціны, творы скульптараў, шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва... Ёсць і непаўторныя творы замежных мастакоў. Ды і сам па сабе велічны будынак, яго разнапланавыя, але нязменна стыльныя інтэр’еры — свайго роду гімн беларускаму таленту.

Асаблівая ўвага экскурсантаў — выстава памятных падарункаў, атрыманых беларускім лідарам падчас замежных візітаў, рабочых паездак па краіне. А таксама падчас візітаў кіраўнікоў дзяржаў і членаў урадаў у Беларусь. Экспазіцыя дазваляе зірнуць на дыпламатычныя адносіны праз прызму матэрыяльных сведчанняў сустрэч і перагавораў. І «геаграфія дружбы» ў Беларусі сапраўды шырокая — ад Расіі і Кітая да краін Афрыкі. Экспанаты тут пастаянна мяняюцца, ды і сам шанц убачыць выставу — стапрацэнтны эксклюзіў, не на кожнай экскурсіі выпадае такая магчымасць. Сярод экспанатаў — ваза «На памяць сустрэчы» з партрэтам беларускага лідара, падораная кіраўніком КНДР, старажытныя манеты з Лівана, дар Прэзідэнта Ліванскай Рэспублікі, карціна ў тэхніцы сухога валяння з воўны з выявай горных вяршыняў Паднябеснай, бейсболка Трампа або біўні саваннага афрыканскага слана, падораныя Прэзідэнтам Зімбабвэ. 

— Калі ўглядаешся ў падарункі, учытваешся ў тое, з чаго яны створаныя, разумееш: гэта выказванне падзякі за тую сувязь, якая існуе паміж нашымі краінамі. І сведчанне, наколькі вялікі ў свеце аўтарытэт нашага Прэзідэнта, — выказала агульнае меркаванне рэдактар Петрыкаўскай раённай газеты Галіна Казак. — Для ўсіх нас наведванне Палаца Незалежнасці — найвялікшы падарунак, але — далёка не адзіны. У Год беларускай жанчыны ўсе мы адчуваем любоў і клопат, асаблівае, трапяткое стаўленне да жанчыны ў беларускім грамадстве. І гэта дарагога варта.

Экскурсія ў Палац Незалежнасці ўжо мае свае прыкметы. Паколькі менавіта тут Прэзідэнт уручае дзяржаўныя ўзнагароды, лічыцца: калі ўстаць за трыбуну ў Зале дзяржаўных узнагарод, сфатаграфавацца і загадаць такое жаданне, яно абавязкова збудзецца: рана ці позна чалавек атрымае дзяржаўную ўзнагароду з рук Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, проста загадаць жаданне недастаткова: трэба сапраўды здзейсніць у сваёй сферы нешта выдатнае. Але — прыкмета існуе. Зрэшты, наведванне з экскурсіяй Палаца Незалежнасці ўжо само па сабе найвялікшая ўдача і незабыўная падзея ў жыцці, перакананыя прадстаўніцы БСЖ Гомельшчыны.

Вынікам праекта стане арт-аб’ект «Карта адзінства» — пано, абрысы якога паўтараюць контур беларускіх межаў, з фотаздымкамі жанчын з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Пано ўжо папоўнілі фатаграфіі гамяльчанак.

Аляксандра Анцэлевіч


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю