Top.Mail.Ru

У Год беларускай жанчыны падтрымка сем’яў з дзецьмі становіцца прыярытэтам

Сёння набірае абароты работа па пашырэнні сеткі груп для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Апрабаваная некалькі гадоў таму ініцыятыва стала чакана запатрабаванай сёння — яна адкрывае добрыя магчымасці як для мамы, так і для яе дзіцяці. Жанчына зможа займацца не толькі сям’ёй, але і кар’ерай, а дзіця — мець зносіны з аднагодкамі, атрымліваць новы вопыт узаемадзеяння, а значыць, больш хуткую сацыялізацыю. Бацькі з вопытам ведаюць, што ў дзіцячым калектыве малы хутчэй вучыцца гаварыць, самастойна есці і апранацца. Яшчэ адзін безумоўны плюс — з ранняга ўзросту дзіця акунаецца ў адукацыйнае асяроддзе.


Па словах кансультанта аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Любові ГАРЭЛАВАЙ, гэта не новаўвядзенне, а вяртанне да паспяховага вопыту мінулых гадоў, якое прадыктавалі запыты бацькоў:
— Папулярнасць груп для малых імкліва расце. З 2021 па 2025 год колькасць груп для зусім маленькіх і колькасць выхаванцаў у іх павялічылася ўдвая. У першым квартале 2026-га па запытах бацькоў ужо адкрыта больш за 100 такіх груп. 

Стварэнню камфортнага і развіццёвага асяроддзя для дзяцей ад 1 да 2 гадоў спрыяе суправаджэнне праекта Міністэрствам адукацыі і Акадэміяй адукацыі, дзе распрацоўваюцца спецыяльныя метадычныя рэкамендацыі для педагогаў па рабоце з дзеткамі дадзенага ўзросту. 

Заява і накіраванне — дыстанцыйна 

Клопат пра камфорт маці і малога пачынаецца значна раней таго моманту, калі ён пераступае парог дзіцячага садка. 

— Дзякуючы маштабнай рабоце па лічбавізацыі адміністрацыйных працэдур цяпер падаць заяву і атрымаць накіраванне ва ўстанову дашкольнай адукацыі, у тым ліку для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, можна праз адзіны партал дыстанцыйных паслуг «Е-Паслуга», — расказвае Любоў Гарэлава. 

Больш за тое, для зручнасці бацькоў на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі ёсць інтэрактыўная карта, якая ў рэжыме рэальнага часу паказвае колькасць свабодных месцаў у кожным канкрэтным дзіцячым садку. Такія карты ёсць у кожным раённым профільным упраўленні. 

Ад 2 да 24 

На думку Любові Гарэлавай, даступнасць дашкольнай адукацыі — гэта не толькі забеспячэнне месцам у дзіцячым садку, але яшчэ і рэжым яго работы, які адказвае запытам, патрэбам бацькоў. Яна паведаміла, што дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў краіне не працуюць у адным рэжыме: 

— У залежнасці ад запыту і патрэб бацькоў дзіцячыя садкі ў нашай краіне працуюць 10,5, 12, 24 гадзіны. Ёсць і такія, працягласць работы якіх складае ад 2 да 7 гадзін. І ўсё ж найбольшая колькасць устаноў дашкольнай адукацыі функцыянуе ў рэжыме 10,5 гадзіны. Больш як 20 % устаноў дашкольнай адукацыі і 36 % груп у іх працуюць 12 гадзін і менш за 1 % — кругласутачна. Рашэнне аб змене рэжыму работы дзіцячага садка прымаецца заснавальнікамі. Так, у 2025 годзе быў зменены рэжым работы 9 устаноў дашкольнай адукацыі і больш за 60 груп у больш чым 40 установах дашкольнай адукацыі. Напрыклад, павялічаны час работы з 10,5 да 12 гадзін па патрэбах бацькоў альбо зніжаны — з 24 гадзін да 12 ці 10.

Такім чынам можа перамяшчацца і час пачатку работы дзіцячага садка, гаворыць спецыяліст: 

— Дапусцім, установа дашкольнай адукацыі прымала дзяцей з 7.30 раніцы, бацькі папрасілі зрушыць яго на больш ранні час — 7.00 або, наадварот, больш позні — 8.00, зноў жа, з улікам запытаў бацькоў.
Любоў Гарэлава расказала яшчэ аб адным цікавым і перспектыўным кірунку ў рабоце дзіцячых дашкольных устаноў — групах кароткачасовага ўтрымання. Як правіла, яны працуюць ад 2 да 7 гадзін. Такі кірунак становіцца ўсё больш папулярным у бацькоў, якім патрэбна ўладкаваць дзіця пад нагляд на некалькі часоў, адзначае яна: 

— У 2021–2025 гадах мы стварылі ўмовы для адкрыцця і функцыянавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі 18,2 тысячы груп кароткачасовага знаходжання для больш як 146,5 тысячы дзяцей. 

Вучыцца і лячыцца 

Даступнасць дашкольнай адукацыі — гэта яшчэ і магчымасць атрымліваць яе дзецям з рознымі захворваннямі. 

— Такія дзеткі, з улікам заключэння УКК, атрымліваюць дашкольную адукацыю ў санаторных дзіцячых садках, — удакладняе Любоў Гарэлава. — Такіх устаноў у нас 2 % ад агульнай колькасці. Ёсць і санаторныя групы. 

Малыя, якія па медыцынскіх паказаннях не могуць пастаянна наведваць дзіцячыя садкі, атрымліваюць дашкольную адукацыю дома — такая магчымасць у нас ёсць. Як і магчымасць атрымліваць адукацыю ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 150 устаноў спецыяльнай адукацыі рэалізуюць адукацыйную праграму для больш як 4,4 тысячы выхаванцаў з АПР. 

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю