Top.Mail.Ru

У год свайго юбілею народная артыстка Беларусі Наталля Руднева стане гераіняй вечара ў Вялікім тэатры Беларусі

Больш за 40 оперных партый за 30 гадоў сольнай кар’еры на беларускай опернай сцэне — усё творчае жыццё. Як такое забыць? Як не адзначыць? Тым больш што яна працягвае ўплываць на тэатр і беларускае музычнае мастацтва. Цяпер Наталля Аляксандраўна дзеліцца досведам з новым пакаленнем вакалістаў: яна — дацэнт кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, і ў тэатры ўжо працуюць яе вучні, а некаторыя салісты прайшлі праз выхаванне Наталлі Рудневай, калі яна кіравала групай стажораў Вялікага. 


У гонар народнай артысткі Беларусі 24 кастрычніка ў тэатры ладзяць сустрэчу з ёй, бо шмат хто з гледачоў памятае яе на сцэне, а некаторыя могуць успомніць, як яна выходзіла ў тым ці іншым вобразе (фотавыстаўка ў фае нагадае). У гэты вечар ёй прысвячаюць спектакль «Царская нявеста» — адзін з тых, дзе бліскучае мецца-сапрана Рудневай засведчыла: зорка заззяла! 

Беларусь стала для Наталлі Рудневай сапраўднай творчай Радзімай, а прывяла яе сюды менавіта музыка. Пасля заканчэння Куйбышаўскага музычнага вучылішча ў 1972 годзе атрымала размеркаванне ў Мінск. Працавала арысткай хору ў Вялікім тэатры Беларусі. Творчая атмасфера вельмі захапіла, і дзяўчына ўжо разумела: моцны голас — гэта алмаз, які патрабуе агранкі, таму паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Яшчэ студэнткай па запрашэнні спела Маддалену ў прэм’еры «Рыгалета» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Ужо было зразумела, што яе тут чакаюць, таму пасля заканчэння папоўніла склад салістаў опернай трупы тэатра. І адразу кінулася ў вір працы. Аднойчы маладую артыстку экстрэмальна «кінулі» ў оперу «Царская нявеста» Рымскага-Корсакава — трэба было тэрмінова падмяніць салістку, якая захварэла. Складаную партыю Любашы яна выканала практычна без сцэнічных і аркестравых рэпетыцый. А пасля гэта партыя стала адной з тых, у якіх хацелі пачуць менавіта Рудневу. Яна выходзіла на сцэну ў гэтым вобразе амаль 25 гадоў. Адсюль і выбар спектакля для юбілейнага вечара народнай артысткі Беларусі. 


З 1981-га па 2011 год Наталля Руднева была адной з галоўных творчых асоб у трупе Вялікага тэатра. Яна выканала больш за 40 оперных партый лірычнага, лірыка-драматычнага і драматычнага плана. Яе Кармэн (у оперы Жоржа Бізэ) — гарачая і незалежная жанчына, вобраз, які стаў візітнай карткай спявачкі. Амнэрыс і Эболі (у операх Джузэпэ Вердзі «Аіда» і «Дон Карлас») — наогул вяршыні сусветнага рэпертуару для мецца-сапрана. Аматары оперы памятаюць яе Ульрыку («Баль-маскарад» Вердзі), Сантуцу («Сельскі гонар» П'етра Масканьі), Клару Цаханасян («Візіт дамы» беларускага кампазітара Сяргея Картэса)... Кранала тое, што дзякуючы Рудневай гледачы атрымлівалі не толькі спевы, бо яна заўсёды дакладна прайгравала сітуацыю як артыстка, што рабіла спектаклі больш жывымі і дынамічнымі. 

Гэты запал адчувалі і за мяжой падчас гастроляў, дзе Руднева прадстаўляла і тэатр, і беларускую вакальную школу (як яе выхаванка), і наогул краіну. Напрыклад, у 1992 годзе ў рамках праграмы Алімпійскіх гульняў у Барселоне Наталля Руднева выканала адну з ключавых сольных партый у араторыі «Чырвоная кніга» іспанскага кампазітара Ксаўе Бенгуэрэля, гэты міжнародны праект меў розгалас. 

У 2011-м Наталля Руднева завяршыла кар’еру салісткі оперы. Але яшчэ некалькі гадоў кіравала групай стажораў Вялікага і сышла адсюль у 2018-м. Аднак засталася ў творчасці і мастацтве ў якасці выкладчыка — як паспрабавала працаваць з моладдзю яшчэ ў 90-я гады, пакінула свой след у розных установах адукацыі і ў цяперашні час працягвае выхоўваць будучых зорак. 

Сваімі думкамі пра сцэну, творчасць і жыццё яна падзеліцца ў Габеленавай зале тэатра за гадзіну да пачатку спектакля «Царская нявеста». На гэты раз цяперашняя прыма Аксана Волкава выканае партыю Любашы ў гэтым спектаклі. Наталля Руднева, якая застаецца опернай зоркай у памяці многіх, будзе прысутнічаць у зале як ганаровы госць і глядач. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю