6 чэрвеня ў горадзе над Сожам пройдзе фестываль кнігі #Чытай Гомель. Арганізатар — Гомельская абласная бібліятэка.
Даволі насычаная праграма сапраўднага свята кнігі і чытання напоўнена самымі рознымі сустрэчамі, прэзентацыямі, майстар-класамі. Ля помніка братам Лізюковым будзе працаваць кніжная выстаўка «Вызваленне Гомельшчыны». Асобна вылучана ў прграме фестываля «Чытальная зала пад адкрытым небам». У актавай зале абласной бібліятэкі пройдзе прэм’ера спектакля «Колокольчик ты мой степной...» па матывах п’есы Канстанціна Сіманава «Рускія людзі». Выканаўцы — артысты народнага аматарскага тэатра «Грачи», які працуе ў Гомельскай абласной бібліятэцы.
Удзел у фестывалі з многімі прэзентацыямі прымаюць і пісьменнікі Гомельскага абласнога аддзялення СПБ. Асобна вылучаны выступленні лаўрэатаў абласной Літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Сваімі творчымі адкрыццямі з гасцямі, удзельнікамі фестываля падзеляцца творцы з літаратурных аб’яднанняў «Слова», «Новая Беліца», «Пралеска». Пазнаёміь са сваімі новымі кнігамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гаўрыловіч.
Гамяльчане змогуць пагартаць, набыць і навінкі, якія выпусцілі дзяржаўныя выдавецтвы краіны. Іх прадставяць на пляцоўцы ААТ «Белкніга».
Сяргей ШЫЧКО