Top.Mail.Ru

У Гомелі нанова ўзведзены паверхі дома, пацярпелага ад выбуху бытавога газу

З ходам аднаўленчых работ шматпавярховіка па вуліцы Косарава азнаёміліся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.


Праект аднаўлення і капітальнага рамонту пацярпелага дома рэалізуюць паэтапна. Першая чарга будаўніцтва — гэта аднаўленне пашкоджанай часткі трэцяга пад’езда, другая чарга — комплексны капітальны рамонт усяго жылога дома. Цяпер на аб’екце цалкам нанова пабудаваны паверхі пацярпелага пад’езда, практычна завершана кладка даху, вядуцца работы па капітальным рамонце ўсяго дома.

— Сёння на аб’екце працуе 78 чалавек. Па відах работ — на 90 % завершаны дах, на 60 % выканана цеплаізаляцыя фасадаў. Праведзены работы па замене аконных блокаў у месцах агульнага карыстання і ў адноўленых кватэрах, — расказаў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер ААТ «Гомельрамбуд» Павел Корхаў.

Па словах намесніка кіраўніка субпадраднай арганізацыі, на аб’екце працягваецца замена інжынерных сетак. Адноўлена ўся электрыка ў кватэрах, рыхтуюцца да замены шчытавога абсталявання на лесвічных пляцоўках.


— У першым і трэцім пад’ездах заменены стаякі водазабеспячэння і каналізацыі, застаўся другі пад’езд, і да 15 мая гэтыя работы плануем завяршыць. Пачнём уладкаванне сетак ацяплення ў адноўленай частцы дома. Зараз ідзе падрыхтоўчы этап для далейшага мантажу сістэм ацяплення ў адноўленых кватэрах і месцах агульнага карыстання, — удакладніў Павел Корхаў. 

Плануецца завяршыць усе віды работ па дзвюх чэргах будаўніцтва на аб’екце ў канцы чэрвеня.

Як звярнуў увагу генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Аляксандр Ганчароў, прадпрыемствам завершаны ўсе работы па аднаўленні пад’езда, пацярпелага ад выбуху газу. 

— У цэлым было зманціравана 114 жалезабетонных элементаў і 28 металаканструкцый. Трэці пад’езд перададзены субпадраднай арганізацыі для выканання рамонтных работ, — звярнуў увагу Аляксандр Ганчароў. 

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў важнасць строгага захавання запланаванага графіку будаўнічых работ на аб’екце і аднаўлення жылых памяшканняў у вызначаны тэрмін. Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, усе віды работ павінны быць цалкам завершаны да пачатку ліпеня, у тым ліку праведзена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі каля дома. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю