Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны падману чарговай ахвяры тэлефонных ашуканцаў — мясцовай пенсіянеркі.
Як расказала афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, пажылой жанчыне ў месенджары Viber патэлефанавала нібыта супрацоўніца рэспубліканскага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю і паведаміла, што ашуканцы выкарыстоўваюць яе пашпартныя даныя для здзяйснення грашовых махінацый. Потым з гараджанкай звязаўся псеўдасупрацоўнік Камітэта дзяржкантролю і прыгразіў крымінальнай адказнасцю за дапамогу злачынцам. Падчас размовы суразмоўца змяніў гнеў на літасць і прапанаваў кабеце ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.
Ужо на наступны дзень гамяльчанка выканала першае заданне куратара — перадала незнаёмаму кур’еру «для дэкларавання і праверкі» 13 000 рублёў і 13 755 долараў ЗША.
Затым «праваахоўнік» пераканаў яе аформіць «часовы» продаж кватэры, якую, па яго словах, ужо ўзялі ў абарот ашуканцы. Мужчына загадаў пацярпелай чакаць прыходу агента па нерухомасці, з якім ён дамовіўся аб паслузе. На шчасце бабулі, рыэлтарам аказаўся яе знаёмы. Кансультант падрабязна распытаў уласніцу аб прычынах продажу жылля, пасля чаго рэкамендаваў звярнуцца ў міліцыю. Тут і ўсплыла праўда.
Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па артыкуле «замах на махлярства ў асабліва буйным памеры» Крымінальнага кодэкса Беларусі. Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі ўстанаўліваюць асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення гэтага злачынства.
Падчас следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлены кур’ер, які прыняў у пацярпелай скрутак з наяўнымі грашыма. Ім аказаўся 48-гадовы жыхар Гомельскага раёна. Як запэўнівае мужчына, ён сам падвергся ўздзеянню тэлефонных ашуканцаў і паверыў у прапанаванае супрацоўніцтва з Дзяржкантролем у частцы дастаўкі пакетаў з чужымі грашыма з Беларусі ў Маскву. Агучаная ім версія будзе праверана падчас следства.
Характэрна, што абодва вышэйназваныя жыхары Гомельскай вобласці ведалі аб існаванні кіберзлачыннасці і розных схемах тэлефоннага махлярства.
Супрацоўнікі Следчага камітэта ў чарговы раз нагадваюць, што беларускія праваахоўныя структуры не раздаюць па тэлефоне загады грамадзянскім асобам аб удзеле ў выкрыцці злачынцаў.