Першыя перамогі ва ўборачнай кампаніі — на рахунку аграрыяў КСУП «Агракамбінат «Холмеч» Рэчыцкага раёна. Менавіта працаўнікі гэтай гаспадаркі першымі не толькі ў сваім раёне, але і ў вобласці пераадолелі знакавую мяжу ў тысячу тон намалочанага і перавезенага збожжа новага ўраджаю.
Першым камбайнерам Гомельшчыны, які намалаціў тысячу тон збожжа, стаў Дзмітрый Велікаборац. Яго дасягненне стала знакавым і для краіны. Для Дзмітрыя гэта ўжо чатырнаццаты сезон за штурвалам камбайна. У прафесію ён прыйшоў па слядах бацькі, які таксама працаваў механізатарам.
— Пры такой ураджайнасці поўны бункер набіраецца прыкладна за 15-20 хвілін. Збожжа ўжо сухое, надвор’е яго добра падсушыла. Нягледзячы на тое, што цяпер умовы надвор’я крыху не дазваляюць працягваць працаваць у тым жа тэмпе, у якім хацелася б, але надзея ёсць. Думаю, яшчэ пару тысяч тон за сезон намалоцім. Цяпер убіраем азімы ячмень. Ураджайнасць больш за 40 цэнтнераў з гектара, пасля пачнём азімы рапс. Ён таксама стаіць добры. Спадзяюся, і намалот рапсу будзе выдатны, — рады за поспехі роднай гаспадаркі камбайнер-«тысячнік» Дзмітрый Велікаборац.
Ён падзяліўся, што паставіў для сябе мэту — намалаціць тры тысячы тон збожжа.
Нацэлены выкласціся па максімуме і кіроўцы-тысячнікі КСУП «Агракамбінат «Холмеч». Першымі ў гаспадарцы тысячу тон збожжа новага ўраджаю ад камбайнаў перавезлі Сяргей Кашкар і Аляксандр Забіран. Абодва працуюць у агракамбінаце больш за трыццаць гадоў і вельмі ўдзячны за магчымасць працаваць на роднай зямлі.

— Па 13 кругоў у дзень даводзіцца рабіць. З сямі раніцы і да самага вечара, — работу ў цяперашнюю гарачую пару жніва апісваюць кіроўцы. — Працуем на новых машынах: адна другі сезон толькі, другая зусім новенькая, толькі нядаўна атрымалі. У мінулым годзе перавезлі больш за 4,5 тысячы тон збожжа. Сёлета пакуль загадваць рана, але будзем старацца выкласціся як мае быць, — запэўніваюць кіроўцы Сяргей Кашкар і Аляксандр Забіран.
Сярод маладзёжных экіпажаў у КСУП «Агракамбінат «Холмеч» вызначыўся камбайнер Антон Дзержаноўскі. Ён прызнаецца, што любоў да прафесіі — гэта ў іх сямейнае.
— У мяне яшчэ дзед быў заслужаным механізатарам у СССР. Можа, і гены сваю ролю адыгралі, але прафесію я выбраў па душы. Галоўнае маё правіла — на поле выходзіць з добрым баявым настроем, — матывуе малады камбайнер.
Як перакананы намеснік дырэктара па механізацыі КСУП «Агракамбінат «Холмеч» Арцём Маскалёў, першыя высокія вынікі камбайнераў і кіроўцаў па намалоце і перавозцы збожжа сталі лагічным працягам адказнай зладжанай работы ўсяго калектыву.
— Усё пачынаецца з захавання тэхналагічнага працэсу і вытворчай дысцыпліны. Пасеялі, дагледзелі ўраджай, правільна падышлі да ўборкі, падрыхтавалі тэхніку, з надвор’ем пашанцавала нам. Плюс людзі вельмі адказна ставяцца да працы, яны шчыра перажываюць за вынік. Гонар адчуваю за нашых людзей, за гаспадарку, усе механізатары, камбайнеры, кіроўцы радуюцца такому добраму выніку. Гэта вельмі матывуе людзей на новыя перамогі, — перадаў працоўны настрой калектыву Арцём Маскалёў.
Як удакладніў намеснік дырэктара па механізацыі, збожжавы клін гаспадаркі (разам з рапсам) перавышае 4 тысячы гектараў. На жніве цяпер задзейнічаны дзевяць экіпажаў камбайнераў і дзесяць кіроўцаў, якія забяспечваюць бесперабойную адвозку ўраджаю.
Лідараў жніва КСУП «Агракамбінат «Холмеч» павіншаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
— Ваша першая тысяча, гэта першая перамога гаворыць аб тым, што раён і гаспадарка рыхтаваліся вельмі сур’ёзна, — адзначыў кіраўнік вобласці.
Як нагадаў Іван Крупко, годны вынік стаў магчымы толькі дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх працаўнікоў — ад камбайнераў і кіроўцаў да спецыялістаў, якія рыхтуюць тэхніку. Асобна ён звярнуў увагу на тое, што маладыя экіпажы працуюць нараўне з вопытнымі механізатарамі.
— Удзячны кіраўніцтву раёна, кіраўніку гаспадаркі, спецыялістам, усім, хто рыхтуе тэхніку, каб дакладна, зладжана і без страт убраць ураджай. Удзячны сапраўдным хлебаробам, якія не толькі ўбіраюць ураджай, але і жывуць у вёсцы, даюць магчымасць ёй развівацца, клапоцяцца аб зямлі, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Па стане на 6 ліпеня да ўборкі збожжавых культур прыступілі ўсе раёны Гомельскай вобласці. Цяпер у рэгіёне вядзецца ўборка азімага ячменю. Задаюць тэмп на ўборцы гаспадаркі Хойніцкага раёна, дзе абмалочана ўжо 97 % пасеваў гэтай культуры. Акрамя таго ў чатырох раёнах вобласці пачалася ўборка азімага рапсу.
Наталля КАПРЫЛЕНКА