Безыменны металічны абеліск у лясным масіве паблізу пасёлка Нікольск Гомельскага раёна прыцягнуў увагу нераўнадушных грамадзян. Пасля іх звароту ў Гомельскі гісторыка-краязнаўчы музей пачалася карпатлівая работа па пошуку інфармацыі аб магчымым воінскім пахаванні. Нягледзячы на вельмі скупыя звесткі, якія пра яго маюцца, у раёне плануюць канчаткова разабрацца ў гэтай гісторыі, бо памяць аб кожным байцы Вялікай Айчыннай вайны павінна быць ушанаваная.
Сам Нікольск, схаваны сярод лесу, — маленькі аддалены пасёлак у 18 кіламетрах ад цэнтра Цярэніцкага сельсавета. Апошняя жыхарка летась пайшла з жыцця. Улетку сюды прыязджаюць некалькі сем’яў дачнікаў. За адзінай вулачкай пасёлка — лецішчы садаводчага таварыства. Вось тут у лесе на ўскрайку Нікольска чырванее металічны абеліск з зоркай. У пошуку інфармацыі аб ім старшыня Цярэніцкага сельвыканкама Алена Козырава звязалася з нашчадкамі былых жыхароў Нікольска, якія цяпер жывуць у Гомелі.
— Удалося пагаварыць з унукам гаспадыні найбліжэйшага да лесу дома, — расказала Алена Козырава. — Ён паведаміў, што па расповедах яшчэ прабабулі падчас вайны ў лесе паблізу Нікольска пахавалі невядомага, знойдзенага без дакументаў, мужчыну ў армейскай форме. Цела байца прынесла плынню ракі з боку вёскі Галееўка. Больш ніякай інфармацыі высветліць, на жаль, не ўдалося.
Старшыня сельвыканкама распытала таксама былога дырэктара сярэдняй школы, якая некалі працавала ў Целяшах. Педагог паведаміла, што ў школе ў тыя гады, калі яна яшчэ працавала, аб гэтым помніку нават не ведалі.
Дакладна вядома, што пасля вайны загінулых байцоў, пахаваных у мясцовых населеных пунктах, перапахавалі ў брацкай магіле на грамадзянскіх могілках у вёсцы Целяшы гэтага ж Цярэніцкага сельсавета.
— Мы працягваем збор пісьмовых сведчанняў нашчадкаў былых жыхароў Нікольска аб гэтым меркаваным пахаванні, — дадала дырэктар Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея Кацярына Варабей. — Далей будзем звяртацца ў розныя інстанцыі для пацвярджэння інфармацыі, у тым ліку ў ваенныя архівы. Да 2008 года на тэрыторыі сельсавета працавалі дзве школы ў Цярэнічах і Целяшах, але, на жаль, няма ніякіх сведчанняў аб помніку, не ўзгадвалі аб ім і былыя мясцовыя настаўнікі-гісторыкі.
Як дадала дырэктар музея, было б вельмі добра ўстанавіць год, калі ў лесе за Нікольскам з’явіўся гэты помнік. Давядзецца таксама зрабіць дакладную карту-геалакацыю, каб лягчэй было ўстанаўліваць звесткі аб магчымым пахаванні па ваенных архівах.
— На тэрыторыі нашага раёна сёння знаходзяцца 54 воінскія пахаванні. З году ў год у населеных пунктах раёна, у тым ліку па ініцыятыве жыхароў, устанаўліваюцца новыя мемарыяльныя знакі ў памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны, — звярнуў увагу намеснік старшыні Гомельскага райвыканкама Дзяніс Давыдаў.
Пасля звароту ў Гомельскі гісторыка-краязнаўчы музей ураджэнкі Нікольска з просьбай добраўпарадкаваць невядомае, магчыма, воінскае пахаванне ў лясным масіве намеснік кіраўніка райадміністрацыі асабіста вывучыў сітуацыю з выездам на месца.
— З практыкі работы па ўвекавечанні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны адзначаем, што здараліся выпадкі, калі грамадзяне цікавіліся статусам такіх памятных мясцін. Пачыналі разбірацца і высвятлялася, што ў савецкія часы, здаралася, пахаваных у адзіночных магілах байцоў перапахавалі на брацкіх могілках. Але звесткі аб гэтым не заўсёды захоўваліся. Здаралася, на месцы былога пахавання пакідалі помнік. Магчыма, і з помнікам у лесе паблізу Нікольска — падобная сітуацыя. Таму у даным выпадку мы адзначаем, што гэта — меркаванае воінскае пахаванне, — звярнуў увагу Дзяніс Давыдаў.
Намеснік старшыні райвыканкама ўдакладніў, што ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны будзе прапрацавана пытанне аб правядзенні пошукавых работ асобным пошукавым спецыялізаваным батальёнам, каб вызначыць, ці ўстаноўлены помнік паблізу Нікольска на месцы вайсковага пахавання.
— У выпадку пацвярджэння астанкі будуць перапахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Целяшы, дзе ўшанавана памяць 379 воінаў Вялікай Айчыннай вайны, — запэўніў Дзяніс Давыдаў.
«Звязда» будзе сачыць за высвятленнем гісторыі помніка каля Нікольска.
фота аўтара