Аўтарамі калекцыі з’яўляюцца мадэльер-канструктар Людміла Ціханава і майстар вытворчага навучання Наталля Хартава. Работа над яе стварэннем вялася каля двух месяцаў. Рэалізаваў ідэю творчы калектыў майстроў вытворчага навучання і навучэнцаў каледжа. «Працую тут ужо 44 гады. Гэта не першая мая калекцыя. Стваралі ўборы, прысвечаныя абласцям нашай краіны (яны былі прадстаўлены на інаўгурацыі Прэзідэнта), раёнам Віцебскай вобласці. Мы нешта новенькае ствараем кожны год. У гэтым наш дырэктар даў заданне падрыхтаваць калекцыю, звязаную з Віцебскам. Вырашылі паказаць славутасці роднага горада — Летні амфітэатр, музей-сядзібу І.Я.Рэпіна „Здраўнёва“, плошчу Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны, Свята-Успенскі кафедральны сабор, ратушу. Малюнак на тканіну наносілі з дапамогай друку», — расказала Людміла Ціханава.
Наталля Хартава дадала, што спачатку старанна прадумвалася кожная мадэль сукенак. «Распрацоўка пачалася са спадніц, якія ўключаюць складаныя дадатковыя дэталі, на якія наносілі малюнак. У спецыяльнай камп’ютарнай праграме на лякалах кампанавалі выявы горада. Менавіта гэтыя дадатковыя дэталі надаюць спадніцам дынаміку і аб’ём, пры дэфіліраванні малюнак як быццам ажывае, атрымліваецца 3D-эфект», — растлумачыла Наталля Хартава.

Уборы складаюцца з сукенак і жакетаў, дапоўнены галаўнымі ўборамі, аздабленнем вышыўкай і стразамі. «Канструктыўнае рашэнне ўсёй калекцыі навеяна архітэктурнымі ансамблямі роднага горада. Колеравая гама і фактуры падабраны з улікам той славутасці, якую адлюстроўваюць сукенкі. Напрыклад, там, дзе намаляваны сабор, ёсць элементы купалаў, убор з ратушай выкананы ў старадаўнім стылі, а з амфітэатрам мае асаблівую ўрачыстасць. Самай вялікай строгасцю валодаюць сукенка і жакет, прымеркаваныя да гістарычнага мінулага. У зеленаватых адценнях выкананы ўбор з музеем-сядзібай І.Я. Рэпіна, таму што ўстанова культуры размешчана на высокім маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны», — расказала Наталля Хартава.
Дапамагалі ствараць калекцыю навучэнцы трэцяга курса. Марыя Малышка ўдзельнічала ў зборцы ўбораў. «Мы злучалі краі дэталей, рабілі вышыўку, прыклейвалі стразы», — расказала Марыя, якая ў будучым плануе прадоўжыць навучанне ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Аляксандра Шульская адзначыла, што не адразу ўсё атрымлівалася, перараблялі некаторыя дэталі, каб атрымаць чаканы вынік. Дар’я Бекетава ганарыцца тым, што прыняла ўдзел у стварэнні калекцыі. «Для мяне гэта быў цікавы вопыт. Дарэчы, пайсці вучыцца на гэту спецыяльнасць мне прапанавала мама. І не дарэмна, можна сказаць, што прафесія мяне «зачапіла», — пра сябе расказала навучэнка. Дар’я Архіпаўская, якая таксама ўнесла свой уклад у стварэнне эксклюзіўных убораў, выбрала гэту спецыяльнасць па парадзе сяброўкі. «Я ў свой час хадзіла ў мастацкую школу, у каледжы творчая натура дала аб сабе знаць», — удакладніла яна. Кацярына Белякова, якая прыехала вучыцца ў каледж з Оршы, таксама падзялілася сваімі ўражаннямі аб удзеле ў стварэнні калекцыі: «Такое адчуванне, што зрабіла нейкую важную работу, адчуваеш свой уклад у развіццё каледжа, горада, вобласці».
У бліжэйшых планах у прафесіяналаў установы адукацыі дапоўніць гэту калекцыю яшчэ двума ўборамі. Да чаго яны будуць прымеркаваны, пакуль што выканаўцы трымаюць у сакрэце.