У Грэцыі прынялі закон, які забараняе дзецям да 15 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі з-за ўзрослай занепакоенасці з прычыны рызык для здароўя і бяспекі непаўналетніх. Ён набудзе моц з 1 студзеня 2027 года, паведамляе БелТА.
«Законапраект аб абароне непаўналетніх у сацыяльных сетках быў ухвалены пленарным пасяджэннем парламента», — гаворыцца ў матэрыяле. Прэм’ер-міністр Кірыякас Міцотакіс заявіў, што ў платформаў ёсць пару месяцаў на распрацоўку метаду праверкі ўзросту карыстальнікаў пры захаванні іх прыватнасці, удакладняе партал Kiprinform.
Законапраект датычыцца канкрэтных сацыяльных сетак, а не агульнага доступу дзяцей да інтэрнэту або валодання мабільнымі тэлефонамі. Тыповымі прыкладамі такіх платформ з’яўляюцца Facebook, Instagram і TikTok. Аднак у законапраекце не змяшчаецца спісу дадаткаў сацыяльных сетак. Гэта азначае, што класіфікацыя сэрвісу будзе залежаць ад яго характарыстык і функцый, а не толькі ад яго камерцыйнай назвы. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на тэлеканал Skai, для платформ, якія аб’ядноўваюць розныя сэрвісы, такія як сацыяльныя сеткі, месенджары і службы абмену кантэнтам, могуць спатрэбіцца дадатковыя тлумачэнні адносна спосабаў рэалізацыі закона. Пры гэтым забарона не распаўсюджваецца аўтаматычна на ўсе дадаткі для зносін або прагляду відэа.
Раней паведамлялася, што ў Грэцыі рыхтуюцца забараніць доступ да сацыяльных сетак непаўналетнім да 15 гадоў. Улады хочуць знізіць негатыўныя наступствы ўздзеяння сацсетак, такія як парушэнне сну, цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, уплыў на псіхічнае здароўе ў цэлым.
Аўстралія стала першай краінай, якая ў мінулым годзе заканадаўча ўвяла абмежаванні на выкарыстанне сацыяльных сетак непаўналетнімі.