У Грэцыі за апошні тыдзень зафіксаваны значны рост колькасці выпадкаў заражэння ліхаманкай Заходняга Ніла, паведамляе БелТА.
Усяго за апошні тыдзень было зарэгістравана 45 новых выпадкаў унутры краіны, у выніку чаго агульная колькасць хворых з пачатку года па 12 жніўня дасягнула 110 чалавек. З іх у 81 пацыента развіліся цяжкія захворванні цэнтральнай нервовай сістэмы. Таксама было зарэгістравана 9 смяротных зыходаў, усе памерлыя былі старэйшыя за 65 гадоў.
Па даных Нацыянальнай арганізацыі грамадскай аховы здароўя Грэцыі (EODY), выпадкі заражэння вірусам Заходняга Ніла былі зарэгістраваныя ў 14 рэгіёнах краіны. Асабліва інтэнсіўнае распаўсюджванне віруса назіраецца ў Атыцы.
Ліхаманка Заходняга Ніла — віруснае захворванне, якое пераносіцца камарамі. Сімптомы могуць уключаць высокую тэмпературу, галаўны боль, мышачныя болі і сып.