Top.Mail.Ru

У Гродне 5 — 7 чэрвеня пройдзе XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Скласці агульны касцюм Беларусі вырашылі яго арганізатары



Чым яшчэ будзе адметны юбілейны форум? Перш за ўсё на ім адзначаць людзей, якія ўдзельнічаюць ў ім ад самага заснавання. Узнагароду «За вернасць фестывалю» прымеркавалі да яго 30-годдзя. Нагадаем, ладзіцца ён раз у два гады, таму сёлета пройдзе ў пятнаццаты раз.

Калі ў 1996 годзе ў першым Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур бралі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальных культурна-асветных аб’яднанняў, то з кожным разам гэты рух шырыўся. І сёлета можна будзе адчуць культурную самабытнасць 43 нацыянальнасцяў (разам з гаспадарамі — беларусамі), пазнаёміцца з 20 падворкамі.

— Сёлета XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур аб’яднае больш за 800 удзельнікаў, — паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга ХАЧКОВА. — Яго асаблівасць — у паэтапнасці, таму што ўсе калектывы і ўдзельнікі праходзяць праз адборачныя туры.

Заключныя мерапрыемствы, якія пройдуць непасрэдна ў Гродна, арганізатары вызначылі як «Свята свят». Многія эпізоды фестывалю будуць прысвечаны яго гісторыі, у традыцыйным шэсці будуць адлюстраваны пазнавальныя сімвалы і элементы, напрыклад, вобраз гаспадароў, беларускі бусел... Разынак чакаецца столькі, колькі і падворкаў, таму што на кожным абавязкова будзе нешта адметнае, тое, чаго няма ў іншых.

— Наш фестываль перарос межы таго, што было ў 1996 годзе. І мы падкрэсліваем, што яго ўдзельнікі — грамадзяне Рэспублікі Беларусь альбо людзі, якія часова пражываюць на нашай тэрыторыі, але прадстаўляюць сваю культуру. Задумваўся ён як фестываль нацыянальнасцяў, для якіх Беларусь стала другім домам, што было падкрэслена ў яго канцэпцыях, — адзначыла галоўны рэжысёр фестывалю, дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Вольга БАГДАНОВІЧ. — Сёлета аддадзім даніну гісторыі горада — мы адкрываем знак «Алень святога Губерта» (гэта апякун горада Гродна). Адбудзецца традыцыйная пасадка дрэваў на алеі: так адзначаюцца нацыянальнасці, якія ўпершыню прыязджаюць на фестываль ці зрэдку бяруць у ім удзел. Сярод удзельнікаў сёлетаз’явяцца гагаузы, таджыкі (якія не былі ўжо вельмі даўно), мальдзіўцы, кангалезцы, чэхі, туркі, габонцы, гвінейцы (наогул шмат прадстаўнікоў афрыканскага рэгіёна), удмурты, каракі... Сёлета саджаем 10 дрэў, але новых шыльдачак будзе 13. Запланавана яшчэ адна навінка да 30-годдзя: закладка капсулы для нашчадкаў, якую адкрыем на 30-м фестывалі нацыянальных культур праз 30 гадоў.

Сімвалічным будзе традыцыйнае шэсце, падчас якога сцяг фестывалю панясуць жанчыны — прадстаўніцы розных нацыянальнасцяў (гэта ж Беларусь, усе ведаюць, які ў нас год). Маштабная калона (мяркуецца звыш 800 чалавек), якая пранясе паясы з выявамі традыцыйных арнаментаў, з якіх ужо на сцэне збяруць унікальны касцюм — сімвал адзінства ўсіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць на беларускай зямлі. Адмыслова да свята сёлета створана новая фанфара і лейтматыў фестывалю. Будуць паказаны найлепшыя нумары нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, якія прайшлі праз сур’ёзны конкурсны адбор: зрабілі ўпор на творчасці прадстаўнікоў 14 краін, нацыянальныя культуры якіх будуць прадстаўлены на цэнтральнай сцэне.

Другі дзень свята адкрыецца на беларускім падворку. Яго тэматыкай будзе «Беларусь фестывальная». Падворак гаспадароў аб’яднае творчую энергію ўсіх абласцей нашый краіны і горада Мінска. Можна будзе пабачыць шматгранную беларускую культуру, народныя рамёствы і брэнды розных рэгіёнаў краіны, паўдзельнічаць у майстар-класах па саломапляценні, лозапляценні, выцінанцы, ганчарстве, побытавых танцах.

Трэці дзень свята (7 чэрвеня) традыцыйна будзе праходзіць на Аўгустоўскім канале (шлюз «Дамброўка»). Тут таксама запланавана тэатралізаванае шэсце. Але ўсё будзе больш сканцэнтравана вакол культуры Гродзенскага краю. У прыватнасці, гэты дзень уключае некалькі лакальных фестываляў, у тым ліку рэгіянальны «Танцавальны колазварот», абласны «Скарбы Гродзеншчыны», які будзе прысвечаны вясельным традыцыям кожнага раёна вобласці.

— Як удзельніца першага фестывалю я бачу, як ён развіваецца, — сказала старшыня грамадскага аб’яднання «Культурна-асветніцкае карэйскае таварыства «Арыранг» Кімі РЫ. — У нас будзе падворак з бесперапыннай канцэртнай праграмай, каліграфіяй для наведвальнікаў. Мы прывезлі шмат новых нацыянальных касцюмаў ад дзіцячых і да дарослых, у нас любяць фатаграфавацца.

Рыхтаваліся ўсе вельмі сур’ёзна, падкрэсліў старшыня грамадскага аб’яднання «Мінскае гарадское армянскае культурна-асветніцкае таварыства «Айастан» Георгій ЕГІАЗАРАН:

— Кожны разумее, што прадстаўляе не сябе, а культуру свайго народа.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю