Top.Mail.Ru

У Гродне абмеркавалі падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі

З разлікам на высокія ўраджаі


Абмеркаванне адбылося ў рамках пасяджэння Гродзенскага аблвыканкама. У ходзе нарады гаварылі аб рабоце раённых выканаўчых камітэтаў па падрыхтоўцы да правядзення ўборкі збожжавых і зернебабовых культур у сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці. Абмеркаванне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. У пасяджэнні ў рэжыме відэасувязі прынялі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў.


Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ігара Сарокіна, прагноз на будучы ўраджай аптымістычны. Калі мінулы год прынёс нямала пагодных выклікаў, асабліва ў вясновы перыяд, то сёлета ўмовы пакуль спрыяюць.

— Зараз у цэнтры ўвагі падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі, якая вось-вось пачнецца, — адзначыў ён. — У паўднёвых раёнах першыя камбайны выйдуць у поле ўжо 1 ліпеня, пачатак масавай уборкі плануецца на 7–10 ліпеня. Да гэтага моманту ўсе павінны быць гатовы да пачатку работ.

Традыцыйна ўборка будзе пачата з азімага ячменю, затым надыдзе чарга зернебабовых, рапсу і іншых культур. Сёлета была зроблена стаўка на своечасовую сяўбу, унясенне ўгнаенняў і абарону раслін. Гэта дазволіла разлічваць на высокі ўраджай: аграрыі плануюць намалаціць 2,5 мільёна тон збожжавых, кукурузы і рапсу.

На сёння з 1109 камбайнаў, задзейнічаных ва ўборцы, 65 % ужо гатовы да работы. Зернесушыльныя комплексы падрыхтаваны на 67 %, а склады для прыёму новага ўраджаю — на 70 %. Да 1 ліпеня пастаўлена задача давесці гэтыя паказчыкі да 95 %, каб забяспечыць бесперабойную работу і своечасовае завяршэнне ўборкі.


Прынята рашэнне накіраваць 370 чалавек і 170 адзінак тэхнікі для аказання дапамогі сельгасарганізацыям ва ўборцы ўраджаю. Акрамя таго, каля 100 чалавек выказалі жаданне правесці свой працоўны водпуск на палях, каб унесці свой уклад у агульную справу. Сельгасарганізацыі ўжо заключылі дамоўленасці з работнікамі розных прыватных прадпрыемстваў аб часовай рабоце на камбайнах і трактарах. Усяго на ўборачнай кампаніі будзе задзейнічана каля 4500 механізатараў.

— Перыяд уборачнай кампаніі заўсёды напружаны, і іншую сельскагаспадарчую работу ніхто не адмяняе. Трэба нарыхтоўваць кармы, абслугоўваць малочнатаварныя і жывёлагадоўчыя комплексы. І паралельна з уборкай пачынаецца ўжо і пасяўная, таму ў гэты перыяд любая дапамога не будзе лішняй, — падкрэсліў Ігар Сарокін.

Такім чынам, у Гродзенскай вобласці прымаюцца ўсе неабходныя меры для паспяховага правядзення ўборачнай кампаніі. Сумесныя намаганні ўсіх удзельнікаў гэтага важнага працэсу дадуць магчымасць своечасова сабраць ураджай і гарантаваць харчовую бяспеку рэгіёна. Галоўная задача — своечасова падрыхтавацца. Па словах Ігара Сарокіна, для гэтага ёсць усе неабходныя рэсурсы.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота «Гродзенскай праўды»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю