Top.Mail.Ru

У Гродне абмеркавалі работу абласных медыяхолдынгаў

Аптымізацыя і рэнтабельнасць


Абмеркаванне адбылося ў рамках пасяджэння Гродзенскага аблвыканкама, дзе ішла размова аб эфектыўнасці функцыянавання медыяхолдынгаў у Гродзенскай вобласці.

Перад пачаткам пасяджэння старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў звярнуў увагу на тое, што сучасныя канфлікты ўсё часцей пераходзяць у інфармацыйную плоскасць.


— Слова «вайна» сёння часцей асацыіруецца з інфармацыяй, чым з рэальнымі бітвамі. Нават ва ўмовах гарачай вайны яе месца часта займае інфармацыйная. Перамога можа стаць паражэннем, а нязначнае дасягненне — стаць грандыёзным поспехам. Усё гэта вынік работы тэхнолагаў і псіхолагаў. Людзі ўсё больш часу бавяць у інтэрнэце. Але ўплыў медыя застаецца нязменным, мяняюцца толькі спосабы яго ажыццяўлення і інструменты ўздзеяння. Таму медыяхолдынгам неабходна адаптавацца да новых умоў. Будучыня за лічбавай трансфармацыяй. Мы пакуль робім толькі першыя крокі ў гэтым напрамку, але гэты працэс непазбежны, — адзначыў Юрый Караеў.

У рэгіёне створаны тры медыяхолдынгі: абласное ўнітарнае інфармацыйна-рэкламнае прадпрыемства «Рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда», дзяржаўная ўстанова «Рэдакцыя «ЛідаМедыяКампанія», дзяржаўная ўстанова «Рэдакцыя «НоваМедыяКампанія». Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, рэгіён знаходзіцца ў лідарах па стварэнні медыяхолдынгаў. Рашэнне аб стварэнні такіх структур было прынята зыходзячы са стану спраў на сучасным інфармацыйным полі.

— Мы ўбачылі, што нашы рэгіянальныя СМІ адчуваюць пэўныя цяжкасці. Вялікія выдаткі прывялі да скарачэння прыбытку, а гэта, у сваю чаргу, пацягнула скарачэнне рэзерваў для павышэння якасці друкаваных выданняў, у супрацоўнікаў упала заработная плата. Быў распачаты пошук шляхоў па аптымізацыі працы. Так і было прынята рашэнне аб старэнні медыяхолдынгаў. Напрыклад, у Лідзе ёсць газета і тэлерадыёкампанія. Абедзве структуры ставяць перад сабой адну і тую ж мэту — інфармаваць жыхароў раёна. Але пры гэтым фінансавыя крыніцы разрываліся паміж суб’ектамі. І была праведзена рэарганізацыя, падчас якой атрымаўся медыяхолдынг. У рамках пасяджэння мы абмеркавалі вынікі работы гэтых структур. І яны цешаць, бо паказчыкі СМІ выраслі.

Пасля аб’яднання рэсурсаў прыбытак некаторых суб’ектаў вырас да 55 %. Былі аптымізаваны неўласцівыя рэдакцыі функцыі, і ліквідавана дубліраванне. Таксама скараціліся выдаткі, звязаныя з камунальнымі плацяжамі і іншымі выдаткамі. Пры гэтым колькасць прафесійных журналістаў не скарацілася, а, наадварот, прырасла. З’явіліся новыя творчыя супрацоўнікі. Дызайн газет стаў цікавейшым, што прывяло да росту тыражоў. Напрыклад, «Лідская газета» знізіла падпісны тыраж да 6000 экзэмпляраў, а сёння ўжо пераадолела адзнаку ў 7500. «Гродзенская праўда» перавысіла дзесяцітысячную мяжу.

У рэспубліканскім маштабе рэйтынг раённых выданняў у Гродзенскай вобласці таксама значна палепшыўся. Прычым лідскі медыяхолдынг па некаторых пазіцыях пераўзыходзіць абласныя выданні. Раённыя рэдакцыі актыўна выкарыстоўваюць магчымасць атрымання субсідый ад Міністэрства інфармацыі. Гэта сведчыць аб тым, што творчы калектыў у газетах застаўся і гатовы вырашаць задачы. Віктар Пранюк адзначыў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца ахопу аўдыторыі і цікавасці да кантэнту.

Калі казаць пра поспехі, то ў фінансавым плане лідзіруе «Гродзенская праўда», а па ахопе аўдыторыі «ЛідаМедыяКампанія». Дарэчы, гэты холдынг актыўна выкарыстоўвае радыё, якое ў жыхароў рэгіёна карыстаецца вялікай папулярнасцю. Было створана маладзёжнае радыё пад назвай «Лідар FM». Аднак практыка паказала, што і дарослае насельніцтва, і людзі пенсіённага ўзросту таксама хочуць слухаць радыё. Каб задаволіць гэты запыт, быў рэалізаваны праект «Наша радыё». Ён арыентаваны на больш старэйшую аўдыторыю і цалкам камерцыйны, фінансуецца за кошт рэкламы. Гэта прыклад станоўчага досведу для раённых цэнтраў.

— Насельніцтва хоча чуць жывы голас, а не штучны інтэлект. Людзі аддаюць перавагу вядучым, якія могуць весці гутаркі, расказваць пра навіны нефармальна і цікава, уперамешку з цудоўнай музыкай, — адзначыў Віктар Пранюк.

На пасяджэнні ўдзельнікі дэталёва разгледзелі пытанні функцыянавання холдынгаў. Кіраўнікам шэрагу раёнаў Гродзенскай вобласці прапанавалі скарыстаць гэты падыход. Акрамя таго, была падкрэслена важнасць прыцягнення ў асвятленне падзей, якія адбываюцца ў розных кутках рэгіёна, таленавітых незалежных блогераў і лідараў грамадскай думкі. Кіраўніцтва рэгіёна разлічвае на канструктыўны дыялог, каб рухацца наперад.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота «Гродзенская праўда»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю