У Гродне адбыўся круглы стол «На шляху да Вялікай перамогі», прымеркаваны да гадавіны слаўнай даты. У рамках дыскусіі ўдзельнікі гаварылі аб дзейнасці раённых Саветаў дэпутатаў, якія працавалі над аднаўленнем мірнага жыцця ў 1944-1950 гады. Удзел у ім прынялі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў, а таксама студэнты і выкладчыкі.
Круглы стол адбыўся ў рамках рэалізацыі праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць». Гэты праект прысвечаны гісторыі станаўлення парламенцкай улады ў Беларусі і адлюстроўвае разнастайныя вектары дзейнасці дэпутатаў у самыя розныя гады. Праект рэалізуецца сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў праводзяць даследчую працу ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, якая кладзецца ў аснову падрыхтоўкі курсавых і дыпломных работ. Праект закліканы запоўніць белыя плямы ў гісторыі, дае магчымасць даведацца больш аб людзях, якія займаліся ў розны час дэпутацкай дзейнасцю, аб выніках іх працы і іх унёску ў аднаўленне і развіццё вобласці.
Як адзначыла Алена Пасюта, у рамках круглага стала размова ішла аб рабоце мясцовай улады ў перыяд першай пасляваеннай пяцігодкі, час складаны і няпросты ва ўсіх адносінах. Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў быў арганізаваны ў 1948 годзе, а першая сесія адбылася 10 лютага.

— У гэты перыяд прымаюцца значныя рашэнні, якія даюць магчымасць больш інтэнсіўна развіваць народную гаспадарку на тэрыторыі Гродзеншчыны. Стаялі задачы па аднаўленні гарадоў і вёсак, якія пацярпелі ад вайны. Для гэтага было неабходна аналізаваць падыходы да працы, а таксама ўдасканальваць іх, каб наладзіць дакладную і зладжаную дзейнасць. Стаялі задачы па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. Гэтаму аспекту дэпутаты ўдзялялі пільную ўвагу. Будаваліся і аднаўляліся школы, ішла прафесійная падрыхтоўка педагогаў. Наладжвалася навучанне ў вячэрніх школах, каб людзі, вярнуўшыся з фронту, калі мелі патрэбу ў дадатковай адукацыі, маглі яе атрымаць, — распавяла Алена Пасюта.
У сваім прывітальным звароце Ірына Кітурка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, выказала ўдзячнасць усім удзельнікам за актыўную працу і гатоўнасць да адкрытых зносін. Яна падкрэсліла, што сумесная работа і абмен вопытам садзейнічаюць развіццю дэмакратычных працэсаў і грамадзянскай супольнасці, што, у сваю чаргу, стварае спрыяльныя ўмовы для прагрэсу.

— Даследчая праца, якая праводзіцца ў рамках праекта, дазваляе зафарбаваць белыя плямы ў гісторыі станаўлення народаўладдзя. Гэтая галіна малавывучаная, і вельмі выдатна, што зараз ідзе такая актыўная праца. Студэнты ў рамках сваіх курсавых і дыпломных работ праводзяць даследаванні і ўносяць свой уклад, — адзначыла Ірына Кітурка.
У рамках круглага стала студэнты Купалаўскага ўніверсітэта прадставілі свае даклады, якія асвятляюць ключавыя аспекты аднаўлення рэгіёна пасля вайны. Сваім меркаваннем аб праекце падзяліўся студэнт 3 курса Канстанцін Жукоўскі:
— Важнасць дадзенай тэмы бясспрэчная як для грамадства, так і для гістарычнага дыскурсу. Гістарычная памяць займае цэнтральнае месца не толькі ў палітыцы нашай дзяржавы, але і ў фармаванні самасвядомасці. Мы павінны ведаць гэтую частку гісторыі, і перадаваць яе нашым сучаснікам і будучым пакаленням. Праект «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць» падкрэслівае важнасць і актуальнасць захавання гістарычнай спадчыны.
Праект рэалізуецца ўжо на працягу некалькіх гадоў і не страчвае сваёй актуальнасці, бо на старонках гісторыі яшчэ шмат цікавых звестак аб дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праца будзе працягнута. Удзел у сустрэчы старшыняў раённых Саветаў дэпутатаў стаў першым крокам для больш дэталёвага вывучэння тэмы. Далейшае даследаванне пашырыцца, стане больш комплексным і дапаможа вывучыць ролі мясцовай улады ў станаўленні і развіцці парламентарызму на Гродзеншчыне ў перыяд з 50-х па 60-я гады.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота прэсс-цэнтра ГрДУ імя Я. Купалы