Top.Mail.Ru

У Гродне адсвяткавалі Дзень утварэння падраздзяленняў аховы

«Першымі прымаюць удар і адказваюць на выклік злачыннасці»


З удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў абласным цэнтры адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 74-й гадавіне з Дня ўтварэння падраздзяленняў аховы МУС. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе міліцэйскага ведамства.


На свяце таксама прысутнічалі начальнікі Дэпартамента аховы Аляксандр Шэпелеў і УУС рэгіёна Дзмітрый Разянкоў, кіраўнікі падраздзяленняў, ветэраны і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.

Пачалася праграма з урачыстага маршу. У Год беларускай жанчыны першымі ў пешых разліках прайшлі супрацоўніцы аховы. Затым эстафету перанялі кіраўнікі абласных падраздзяленняў, прадстаўнікі груп затрымання, кінолагі са службовымі сабакамі, электраманцёры і дзяжурныя пультаў кіравання. За імі праехала калона транспарту 1941-1945 гадоў, які нагадвае пра подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны.


Удзельнікі ўзнавілі эпізод эвакуацыі з Ваўкавыска грошай Дзяржбанка ў ноч на 22 чэрвеня 1941 года: пад абстрэламі міліцыянеры вывезлі ў Шклоў мільёны рублёў, якія пасля былі накіраваныя на патрэбы абароны. Замкнула калону сучасная тэхніка, якая дазваляе аператыўна выконваць задачы ва ўсіх кутках рэгіёну. Марш наглядна паказаў: сёння Дэпартамент аховы — адно з самых мабільных звёнаў сістэмы МУС. 

Кульмінацыяй стала адкрыццё абноўленага будынка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента. Акрамя камфортных умоў для асабовага складу і наведвальнікаў, важнае значэнне мае і мурал «Ахоўваем самае дарагое!» , які размясціўся на фасадзе. Ён з’яўляецца сімвалам даверу грамадзян, адкрытасці службы і пераемнасці пакаленняў. 


Звяртаючыся да прысутных, Іван Кубракоў адзначыў:

— Падраздзяленні аховы першымі прымаюць удар і адказваюць на выклік злачыннасці, рэагуюць на паведамленні грамадзян, і што б ні адбывалася, супрацоўнікі заўсёды застаюцца на пасту. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі цаной уласнага жыцця яны абаранялі аб’екты.


Кіраўнік міліцэйскага ведамства падзякаваў усім прадстаўнікам Дэпартамента. 

— Вы не стаіце на месцы, і мне прыемна, што падчас камандзіровак у краіны СНД калегі-міністры ўнутраных спраў заўсёды адзначаюць аснашчэнне і бесперапыннае развіццё нашых падраздзяленняў аховы, пераймаюць беларускі вопыт, — сказаў ён.

Іван Кубракоў узнагародзіў прадстаўнікоў падраздзяленняў Дэпартамента аховы, якія вызначыліся, у тым ліку праявілі сябе ва ўборачнай кампаніі. З нагоды знакавай падзеі 40 сем’яў супрацоўнікаў атрымалі арэндныя кватэры.


На заканчэнне міністр азнаёміўся са створанымі ў абноўленым будынку ўмовамі, пакінуў запіс у Кнізе афіцэрскага гонару.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю