Top.Mail.Ru

У Гродне ўпершыню прайшоў жаночы абласны дэпутацкі форум

Гродзенскі абласны дэпутацкі жаночы форум «Жаночае аблічча Саветаў дэпутатаў» сабраў больш за 70 удзельніц з усёй Гродзенскай вобласці. Народныя выбранніцы сабраліся ў такім фармаце ўпершыню. Пляцоўкай для сустрэчы стаў Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну.



Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, роля жанчыны заўсёды была важная як у рамках краіны, так і вобласці. Але аб’яўлены Год беларускай жанчыны пашырае прастору для ідэй і дазваляе ўвасабляць эксперыментальныя праекты. Такім стаў форум, які прайшоў у Гродне. Ён спалучыў у сабе афіцыйны фармат і лёгкія, нязмушаныя стасункі.

— У складзе абласнога Савета дэпутатаў 30 % жанчын, а ў органах мясцовага самакіравання — 43 %. Ідэя сабраць нашых унікальных жанчын разам напрасілася сама сабой, — сказала Алена Пасюта. — Бо кожная з нас не толькі дэпутат і дзяржслужачы. У кожнай ёсць свае захапленні, пункты росту, цікавыя думкі. Вядома, хацелася, каб у мерапрыемства быў карысны інфармацыйны падтэкст. Таму ў рамках форуму адбылася канферэнцыя, дзе мы пагаварылі аб моцных жанчынах мінулых гадоў і аб тым, які ўклад яны ўнеслі ў развіццё парламентарызму.


Асаблівую ўвагу дэпутацкі корпус удзяляе жыхаркам сельскай мясцовасці. Паводле слоў Алены Пасюты, важна падтрымліваць сельскіх жанчын, дапамагаць ім раскрыць свой патэнцыял і адчуваць сябе часткай вялікай супольнасці паспяховых і прыгожых беларусак. Як адзначыла старшыня аблсавета, пры вывучэнні біяграфій жанчын-кіраўнікоў высветлілася, што за строгімі пасадамі хаваюцца надзіва рознабаковыя асобы. Сярод кіраўнікоў мясцовых Саветаў ёсць аматаркі фларыстыкі, спартсменкі, тэнісісткі, першакласныя вадзіцелі і нават захопленыя байкеры.

Значнай часткай праграмы сталі тэмы пераемнасці пакаленняў і гістарычнай памяці. Сярод удзельніц былі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу розных гадоў. Яны дзяліліся ўспамінамі аб тым, як закладваўся фундамент сучаснай беларускай дзяржаўнасці на працягу апошніх 30 гадоў, якія задачы ім даводзілася рашаць у розныя перыяды.

Як адзначыла старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч, першы форум жанчын-дэпутатаў Гродзеншчыны яшчэ раз даказвае: прадстаўніцы так званага слабага полу не проста захавальніцы ачага, але і паспяховыя кіраўнікі.


— У Воранаўскім раёне ў мясцовага самакіравання сапраўды жаночае аблічча: жанчыны ўзначальваюць 9 з 12 сельсаветаў, — прывяла красамоўную статыстыку Алена Ганевіч. — Разам з жыхарамі і мецэнатамі мы ўжо рэалізавалі тры праекты грамадзянскіх ініцыятыў па добраўпарадкаванні вёскі, праводзім патрыятычныя акцыі і праекты накшталт «Урокі любові да Радзімы» або «Дэпутацкі паклон маці». Як дэлегат Усебеларускага народнага сходу я бачу, як на месцах працуе праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Для нашага аграрнага раёна галоўнае — мадэрнізацыя сельгаспрадпрыемстваў, бо ад гэтага напрамую залежаць зарплаты людзей і камфорт жыцця на сяле. Упэўнена, у пяцігодку якасці менавіта такія сумесныя намаганні стануць залогам развіцця рэгіёнаў і ўсёй краіны.

Паводле слоў старшыні Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інесы Белуш, жанчыны працуюць нароўні з мужчынамі, і ім прыемна, што іх працу цэняць. Бо кожнай жанчыне часам хочацца трапіць на баль — і такім балем стаў форум у Гродне.

— Нядаўна я даведалася, што ў маёй сям’і дэпутатам сельскага Савета быў не толькі дзед, але і мая бабуля, Ганна Пятроўна Белуш, — падзялілася старшыня райсавета. — У працы мы ніколі не дзелім калег па гендары: пры вылучэнні на кіруючыя пасады глядзяць на арганізатарскія здольнасці, актыўнасць і ўменне дабівацца мэт. Аднак сярод нашых жанчын-дэпутатаў і старшынь сельсаветаў ёсць адзін важны складнік — усе яны мамы. З гадамі я зразумела: менавіта калі ў цябе ёсць сям’я і дзеці, ты па-сапраўднаму ўмееш ствараць. У Лідзе — горадзе з жаночым імем — жанчыны паспяхова кіруюць многімі прадпрыемствамі і праяўляюць ініцыятыву.


Патрэба ў такіх жывых, нефармальных стасунках каласальная, таму ў форуму ёсць усе шанцы стаць традыцыйным. На думку Алены Пасюты, жанчынам-дэпутатам неабходна рэгулярна сустракацца, каб абмяркоўваць не толькі пытанні дзяржаўнага маштабу, але і надзённыя сацыяльныя тэмы:

— Ёсць пытанні, якія ляжаць на паверхні. Гэта нашы паўсядзённыя цяжкасці, якія не менш значныя. Важна, каб нашы дзяўчаты і жанчыны бачылі розныя шляхі развіцця, маглі пераарыентавацца, раскрыць свае таленты і проста атрымліваць асалоду ад жыцця і тых падзей, якія адбываюцца вакол, — падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў.

Пасля афіцыйнай часткі праграма змянілася на творчую — тут жа, на базе Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Падзяліўшыся на групы, госці апрабавалі найноўшае швейнае абсталяванне, паўдзельнічалі ў майстар-класах па лічбавым дызайне, стварэнні брошак і мяккіх цацак, а таксама наведалі выставу работ навучэнцаў і фірменны магазін. Яркім завяршэннем гэтай часткі праграмы стаў канцэрт, падрыхтаваны студэнтамі.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота «Гродзенскай праўды»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю