Злёт аб’яднаў больш за 100 блогераў, як вопытных, так і пачаткоўцаў, а таксама прадстаўнікоў рэдакцый СМІ Гродзенскай вобласці і рэспублікі.
Агульная аўдыторыя прысутных блогераў — больш за 5 000 000 чалавек. У іх розная сфера інтарэсаў, стыль падачы інфармацыі, але аб’ядноўвае іх імкненне ствараць якасны кантэнт, які будзе карысны і цікавы. Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Яўген Леўшык, узаемадзеянне з рэгіянальнымі блогерамі доўжыцца на працягу некалькіх гадоў, а сённяшняе мерапрыемства дасць магчымасць аб’яднаць навічкоў і блогераў з вопытам.
— Наша мэта — сфарміраваць супольнасць блогераў, якая дазволіць на аснове традыцыйных каштоўнасцяў, патрыятызму, стваральнай павесткі фарміраваць інфармацыйную прастору Гродзенскай вобласці і краіны ў цэлым. Канешне, важна выходзіць і за межы рэспублікі. Мы разумеем, што інтэрнэт — феномен усёабдымны, і важна выкарыстоўваць магчымасці, якія ён дае. Блогерства цікавае тым, што, з аднаго боку, яно сегментуе насельніцтва па кірунках, але ў той жа час яно і аб’ядноўвае людзей. У цэлым у блогераў розныя інтарэсы, у рамках такіх мерапрыемстваў спрабуем аб’яднаць іх, а таксама дапамагчы юным блогерам, — растлумачыў Яўген Леўшык.
Адзін з удзельнікаў злёту — Дзяніс Трафімчык, аграблогер, які працуе ў «Граніт-Агра» Дзятлаўскага раёна. Малады чалавек расказвае пра будні аграрыяў.
— Будзе вельмі цікава пагутарыць з пачынаючымі блогерамі, падзяліцца з імі сваім досведам. У нас выдатная моладзь, якая глядзіць на свет з палаючымі вачыма, ёй усё цікава. Хачу данесці, што важна любіць тое, што ты робіш, і закладваць у сваю працу пэўныя ідэі. На мой погляд, не зусім добра ствараць толькі забаўляльны кантэнт без якога-небудзь сэнсу, — падзяліўся Дзяніс.
Першая частка злёту адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дзе падзею адкрылі ва ўрачыстай абстаноўцы. Далей блогерская супольнасць перамесціцца на базу адпачынку «Прывал», дзе яны абмяркуюць важныя пытанні развіцця інфармацыйнай прасторы з медыяэкспертамі і прадстаўнікамі ўлады.

У праграму злёту таксама ўключана конкурснае спаборніцтва: блогеры створаць відэакантэнт пад хэштэгам #ГроднаМедыяДжэм для TikTok-акаўнтаў СМІ Гродзенскай вобласці, а кампетэнтнае журы ацэніць работы па шэрагу крытэрыяў і вызначыць пераможцаў. Злёт стане пляцоўкай для знаёмства, абмену вопытам паміж навучэнцамі школ, маладымі людзьмі, якія актыўна вядуць свае блогі і прадстаўнікамі рэдакцый СМІ.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Гродзенскім абласным камітэтам ГА «БРСМ», рэдакцыяй газеты «Гродзенская праўда».
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота прэс-цэнтра ГрДУ імя Я. Купалы