Форум медыйнай супольнасці Беларусі — ключавая штогадовая дыялогавая пляцоўка, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні медыясферы, каардынуецца інфармацыйная палітыка. Ідзе абмен досведам паміж прадстаўнікамі прэсы, дзяржавы і экспертамі. У гэтым годзе форум праходзіць 14–15 мая ў горадзе над Нёманам. Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам.
Сёлета форум сабраў больш за 700 удзельнікаў, у тым ліку кіраўнікоў і журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, прадстаўнікоў блогасферы, супрацоўнікаў ідэалагічнай вертыкалі ўлады, экспертаў у галіне масавых камунікацый і студэнтаў факультэтаў журналістыкі. У першы дзень у кожнай дэлегацыі была свая праграма. Яны наведалі як эканамічныя, так і культурныя аб’екты.
У рамках форуму таксама адбыўся адкрыты дыялог міністра інфармацыі Дзмітрыя ЖУКА са студэнтамі і выкладчыкамі кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні, звязаныя з сучасным медыяполем. Сустрэча стала пляцоўкай для абмену думкамі і ідэямі аб тым, якія тэндэнцыі вызначаюць развіццё медыяпрасторы ў сучасным грамадстве.
Галоўная лакацыя другога дня — Гродзенская абласная філармонія. Для ўдзельнікаў форуму арганізавалі выстаўку «Жанчыны ў журналістыцы: незвычайны ракурс» і персанальную выстаўку фотакарэспандэнта БелТА Сяргея Халадзіліна «АБ’ЕКТЫЎна — аб часе і людзях». Яшчэ адна прыцягальная лакацыя — выстаўка-продаж кніг беларускіх журналістаў. Таксама ў праграму ўключылі прэзентацыі ТРК «Гродна», ТРК «Гродна Плюс», ДУ «ЛідаМедыяКампанія», рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда».
Галоўны дзень форуму — заўтра. На пленарным пасяджэнні вядучыя спецыялісты ў галіне журналістыкі разгледзяць ключавыя пытанні, якія ўплываюць на будучыню беларускіх медыя; пагавораць аб тым, як не патануць у плыні інфармацыі і захаваць яе сэнсавую каштоўнасць; абмяркуюць, чаму дзяржаўныя СМІ застаюцца галоўнай крыніцай даверу для большасці беларусаў і якія выклікі стаяць перад медыя ва ўмовах блакіровак, распаўсюджвання фэйкаў і дамінавання алгарытмаў. У цэнтры ўвагі — і метады ператварэння рэгіянальных газет у запатрабаваныя і актуальныя выданні, роля сучасных тэхналогій у распаўсюджванні гістарычнай праўды і фарміраванні патрыятызму сярод моладзі. Прадугледжаны і фармат адкрытага мікрафона, каб маглі выказацца ўсе ахвотныя.
Заўтра таксама вырашыцца галоўная інтрыга форуму — будуць уручаны ўзнагароды і дыпломы пераможцам і лаўрэатам XXІІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара», які праводзіцца штогод дзеля развіцця друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў і сеткавых выданняў, павышэння прафесійнага ўзроўню журналістаў і стымулявання творчай дзейнасці. Усяго для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 486 работ, у тым ліку ад рэспубліканскіх СМІ — 95, ад рэгіянальных — 352, ад ведамасных — 39. Узнагароды ў 27 намінацыях атрымаюць 75 лаўрэатаў і пераможцаў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА і ТГ-канала Мінінфарма