Гродзенскае аддзяленне Беларускага фонду міра перадало апарат ШВЛ Гродзенскаму абласному перынатальнаму цэнтру. Падзея прайшла ў рамках акцыі «Свет пачынаецца з жанчыны».
Як расказаў старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Іван Каўбаска, апарат найноўшага пакалення быў набыты пры падтрымцы сеткі магазінаў «5 элемент». Ва ўсіх гандлёвых кропках праходзіць акцыя «Дай 5 дабру». Наведвальнікам магазіна прапануюць купіць брэлокі, блакноты і іншыя невялікія сувеніры, усе атрыманыя сродкі ідуць на дабрачыннасць. Такое цеснае супрацоўніцтва ідзе з 2016 года.
— Аказваецца таксама дапамога дому дзіцяці, да гэтага было закуплена на працягу гэтых гадоў некалькі апарата. І ў Год беларускай жанчыны Фонд міру вырашыў, што дадатковы апарат ШВЛ лішнім не стане. Вядома, будзе выдатна, калі ён ніколі не спатрэбіцца, няхай усе будуць здаровыя, але ў жыцці бывае ўсякае.
Галоўны ўрач перынатальнага цэнтра Уладзімір Звярко растлумачыў, што асаблівасць новага апарата ў яго шырокім прымяненні. Яго можна выкарыстоўваць як для дарослых, так і для малых. Гэта апарат новага пакалення.
У Гродзенскай вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага сістэме аховы здароўя. Праходзяць рэканструкцыі, будаўніцтвы і мадэрнізацыі, закупляецца абсталяванне як за рахунак бюджэтных сродкаў, так і пры падтрымцы партнёраў і спонсараў. Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда, у бліжэйшы час пройдзе адкрыццё шэрага важных аб’ектаў.
— У Гродзенскай вобласці актыўна развіваецца сістэма аховы здароўя. За апошнія пяць гадоў колькасць высокатэхналагічнага абсталявання ў медыцынскіх установах падвоілася, што дало магчымасць павялічыць колькасць складаных аператыўных і дыягнастычных умяшанняў. Мадэрнізацыя і будаўніцтва новых аб’ектаў ідуць паралельна. У бліжэйшы час плануецца адкрыццё Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы і аддзялення прамянёвай дыягностыкі і эндаваскулярнай хірургіі ў Гродзенскім клінічным кардыялагічным цэнтры. Таксама працягваецца будаўніцтва новага анкалагічнага цэнтра, — расказала Людміла Кеда.
Усе гэтыя мерапрыемствы накіраваны на захаванне здароўя грамадзян, паляпшэнне якасці і бяспекі медыцынскай дапамогі. Галоўная мэта — зніжэнне смяротнасці насельніцтва і дасягненне мэтавых паказчыкаў, прадугледжаных праграмай «Здароўе нацыі».
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
ахова здароўя Гродна Год беларускай жанчыны