Граматы, прызы і сувеніры ўручылі на галоўнай сцэне XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур яго ўдзельнікам і тым, хто ўнёс вялікі ўклад у арганізацыю шматнацыянальнага свята, перадае БелТА.
Бліжэй да вечара цэнтрам прыцягнення ў Гродне стала плошча Леніна, дзе праходзіць урачыстая цырымонія закрыцця XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Людзі дзеляцца ўражаннямі, расказваюць пра самыя яркія лакацыі, на якіх пабывалі за дзень. «Беларускі падворак сёння проста прывёў у захапленне, а яшчэ вельмі ўразілі падворкі тых народаў, культуру якіх мы ведаем менш. На азербайджанскім з задавальненнем павучыліся танцаваць лезгінку. У індыйцаў палюбаваліся сары, паглядзелі, як выступаюць розныя школы танцаў, на грузінскім пакаштавалі шашлыкоў, а разам з рамаламі нават крыху паспявалі», — расказалі гродзенцы Марыя і Марына Козіч, мама і дачка.
Абедзве лічаць, што з кожным разам фестываль нацыянальных культур становіцца ўсё больш цікавым, камфортным для людзей. Гасцей вельмі шмат, і амаль нідзе няма чэргаў, шмат месцаў на фудкортах, усе добразычлівыя, настрой цудоўны.

І вось першыя акорды ўрачыстай цырымоніі прагучалі ў выкананні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Танцуюць любімыя не толькі гродзенцамі, але і ўсёй краінай «Белыя росы». Гучаць словы падзякі ўсім, хто ствараў фестываль.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта ўручылі граматы і прызы кіраўнікам грамадскіх нацыянальна-культурных аб’яднанняў, якія ўдзельнічаюць у фестывалі.
«З радасцю і натхненнем, з жаданнем паказаць сваю культуру, традыцыі прыехалі ў Гродна прадстаўнікі 42 нацыянальнасцей. Свята яшчэ раз пацвердзіла, што Беларусь — краіна міру і згоды, людзі больш як 150 нацыянальнасцей жывуць тут у добрых адносінах. Як сказаў наш Прэзідэнт, мы адзіная сям’я, усе людзі тут нашы. Мы цэнім і беражом нашу благаславёную зямлю», — сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей, Аляксандр Румак.

Алена Пасюта нагадала аб тым, што фестываль не заканчваецца. Ён прадаўжаецца два гады, і ў 2028 годзе Гродна будзе рыхтавацца прыняць заключныя мерапрыемствы ўжо XVI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Памятны прыз «За вернасць фестывалю», заснаваны сёлета, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі ўручылі тым, хто ўнёс вялікі ўклад у арганізацыю шматнацыянальнага свята — работнікам Гродзенскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, кіраўнікам мастацкіх калектываў, тым, хто працаваў на першых фестывалях дзесяцігоддзі таму.

Прадаўжаецца фестывальны вечар у Гродне выступленнем вакальнай групы «Чысты голас». На заканчэнне на галоўнай сцэне дасць «Рок-канцэрт з аркестрам» заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр.
