Top.Mail.Ru

У Гродне прайшоў урачысты рытуал ушанавання Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь

Гродна ажыў у гонар Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Галоўнай падзеяй стаў мітынг «Сімвалы Радзімы — гонар народа!», які разгарнуўся на плошчы Леніна.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі губернатар Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта Канстанцін Бурак, дэпутаты, прадстаўнікі абласной і гарадской адміністрацыі, а таксама актывісты грамадскіх і маладзёжных арганізацый. Юрый Караеў, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, падкрэсліў значнасць дзяржаўных сімвалаў для кожнага беларуса: 

— Калі мы бачым наш сцяг ці чуем гімн, разумеем: мы частка чагосьці вялікага і важнага. Мы — народ з агульнай гісторыяй і лёсам, — ён выказаў гонар за подзвігі продкаў і дасягненні суайчыннікаў у розных галінах, заклікаўшы беражліва захоўваць і прымнажаць гэтыя каштоўнасці. Асаблівую ўвагу Юрый Караеў удзяліў моладзі, адзначыўшы, што менавіта за ёю будучыня краіны. — Вам трэба будзе будаваць заўтрашні дзень, умацоўваць эканоміку, развіваць навуку і культуру.

Кульмінацыяй свята стала маштабнае патрыятычнае шэсце, якое пачалося з вуліцы Сацыялістычнай і завяршылася на вуліцы Дзяржынскага. У цэнтры калоны разгарнулася гіганцкае палатно Дзяржаўнага сцяга Беларусі плошчай тысячу квадратных метраў.

У шэсці прынялі ўдзел 280 чалавек, сярод якіх былі студэнты, спартсмены і курсанты ваеннага факультэта. Узначальвалі калону 20 матацыклаў, упрыгожаных дзяржаўнымі флагамі, што дадало відовішчнасці і дынамікі ўрачыстасці. Гэты дзень стаў яскравым напамінам аб важнасці адзінства, павагі да дзяржаўных сімвалаў і гонару за сваю краіну.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота «Гродзенская праўда»  

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю